Суд над Рыгорам Грыкам зноў перанеслі



Суддзя суда Баранавіцкага раёна  Аксана Копач у другі раз перанесла судовае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе грамадскага актывіста Рыгора Грыка.

Самога актывіста няма ў горадзе ўжо паўтара месяца, кажа былы кандыдат у дэпутаты палаты прадстаўнікоў Мікола Чарнавус:

— Грык не атрымаў заказнога ліста з павесткай і прымусовы прывод, які міліцыю абавязалі выканаць, не быў выкананы, бо па звестках суседзяў Грык ужо больш за месяц адсутнічае па месцы жыхарства і суддзя Копач вынесла рашэнне перанесці суд на 3 лістапада.

Рыгора Грыка хочуць пакараць за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў час выбарчай кампаніі. Рыгор Грык, як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Міколы Чарнавуса, прыняў удзел у дазволеным законам пікеце Чарнавуса. Але быў апрануты ў паласаты касцюм, стылізаваны пад турэмную робу, як сімвал несвабоды ў Беларусі. Менавіта такое адзенне Грыка не даспадобы  баранавіцкім уладам.

Беларускае Радыё Рацыя