Суд над Віталём Паўлавым зноў перанесены



У Воршы судзяць грамадскага актывіста Віталя Паўлава. Ён быў назіральнікам на непрызнаных выбарах у беларускі парламент і зафіксаваў шэраг парушэнняў выбарчага заканадаўства на сваім участку з боку старшыні камісіі Наталлі Вайцэховіч. Па сумяшчальніцтве дырэктарка школы звярнулася ў міліцыю, абвінаваціўшы незалежнага назіральніка ў нецэнзурнай лаянцы. Тым не менш, Віталь Паўлаў быў затрыманы толькі на наступны дзень, 12-га верасня. Аднак суддзя Іна Кохава ўжо ў другі раз перанесла разгляд справы. Прычына – неабходнасць падсуднаму прайсці судова-медычную экспертызу.

Гаворыць Віталь Паўлаў:

– Судовае паседжанне пераносіцца на той час, калі прыйдуць вынікі судова-медычнай экспертызы. Пасля суда я пайшоў у судова-медычную экспертызу, прайшоў яе. Спытаў у лекараў, калі прыкладна яны могуць даслаць вынікі сваіх даследаванняў, на што пачуў адказ, што ў гэтай справе недастаткова папер.

На разгляд адміністратыўнай справы, паводле закону, даецца 2 месяцы. Цяпер актывіст чакае выкліку на чарговае пасяджэнне і спадзяецца, што яно нарэшце адбудзецца. Віталь Паўлаў лічыць справу палітычна матываванай і сваёй віны не прызнае.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша