Суд перагледзеў справу журналісткі



Нечаканым стала для берасцейскай журналісткі-фрылансера Аліны Літвінчук судовае пасяджэнне, якое прайшло 26 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Берасця. Журналістцы патэлефанавалі і запрасілі прыйсці на пасяджэнне, якое тычыцца яе адміністрацыйных справаў. На месцы стала вядома, што справа тычыцца двух прысудаў, абвешчаных яшчэ ў чэрвені. Тады, нагадаем, Аліну Літвінчук прысудзілі да штрафу ў 60 базавых велічынь па выніках разгляду двух адміністрацыйных справаў, аб’яднаных у адну. Абедзьве тычыліся артыкулу 22.9   – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Пра вынікі перагляду справы нам расказала сама журналістка:

– Вярхоўны суд пастанавіў па маёй трэцяй і чацвёртай справах (артыкул 22.9), за якія мне было прысуджана 60 базавых велічынь пакарання, што суды першай і другой інстанцыі парушылі працэсуальны кодэкс, а менавіта – абвесцілі пакаранне, якое перавысіла магчымы памер, прадугледжаны Адміністрацыйным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Максімальнае пакаранне па ім – 30 базавых велічыняў.

Таму суд Ленінскага раёну Берасця і зменшыў памер прысуджанага штрафу ў два разы. Адзначым, што Аліну Літвінчук вінавацілі ў супрацы з нашым Беларускім Радыё Рацыя без акрэдытацыі. На працягу году журналістку ўжо судзілі па чатырох адміністрацыйных справах, агульная сума штрафаў склала (да апошняга суда) 130 базавых.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя