Суд у Берасці падтрымаў Віктара Каліну



У Берасці завяршыўся судовы працэс над прызыўніком Віктарам Калінам. Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для хлопца 200 базавых велічынь штрафу. Суд, аднак, прыняў бок абвінавачанага і цалкам прызнаў яго невінаватым у адхіленні ад прызыўных мерапрыемстваў.

Віктар Каліна не хавае, што ад пачатку працэсу спадзяваўся толькі на апраўдальнае рашэнне.

– Вельмі задаволены, што суд падтрымаў маю думку – што я не вінаваты. Я адразу ўбачыў, што суддзя хоча разабрацца ў справе, а не проста засудзіць мяне. Ён сапраўды хоча разабрацца.

Вясной гэтага года ўраджэнец Маларыцкага раёна Віктар Каліна адмовіўся сесці ў аўтобус, каб праехаць на месца службы. Сваё рашэнне аргументаваў рэлігійнымі перакананнямі, пра якія загадзя папярэджваў ваенны камісарыят. Казаў, што не можа служыць у частках, звязаных з узброенымі сіламі, але гатовы несці альтэрнатыўную службу. Адвакат абвінавачанага падкрэсліла, што такія ж дзеянні ў 2016 годзе, пасля ўступлення ў сілу закона “Аб альтэрнатыўнай службе” не будуць класіфікавацца як злачынства, значыць і на сённяшні дзень паводзіны прызыўніка-верніка не ўтрымліваюць складу злачынства.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя