Суд у Гомелі: апазіцыянер супраць АМАПу



У Гомелі распачаўся суд па грамадзянскай справе апазіцыянера Уладзіміра Няпомняшчых супраць байцоў АМАПу. Грамадскі актывіст хоча спагнаць з маёра міліцыі Андрэя Лук’янцава, прапаршчыка Ігара Ючко і Міхаіла Аленіча па 1 капейцы за ілжэсведчанне. З абласной міліцэйскай Управы, дзе служаць міліцыянты, апазіцыянер патрабуе маральную шкоду ў памеры 9 900 руб. На першым пасяджэнні суддзя Марына Домненка адхіліла практычна ўсе хадайніцтвы Уладзіміра Няпомняшчых.

– Я прайграю гэты судовы працэс, але я іду на гэтае судзілішчы па адной простай прычыне – каб усё задакументаваць. Хоць многія мяне папракаюць, што я займаюся глупствам. Але гэта не так, бо прыйдзе час, і мы з іх спытаем. Я не кажу, што мы іх будзем судзіць. Адзінае, чаго я буду патрабаваць на гэтых таварышаў і тых, хто іх пакрываў, – тых жа суддзяў і пракурораў, каб яны былі пазбаўленыя ваенных званняў, каб яны пайшлі не на ваенную пенсію, як яны мараць, а на сацыяльную.

Другое судовае пасяджэнне па справе Уладзіміра Няпомняшчых супраць байцоў АМАПу адбудзецца 2 снежня 2016 года. Нагадаем, 12-га верасня Уладзімір Няпомняшчых збіраўся ехаць на мірную акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў у Менск. Аднак па дарозе, каля гомельскага вакзала, яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу з-за таго, што апазіцыянер нібыта лаяўся матам.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота gomelspring.org