Праваабаронца Андрэй Бандарэнка выйшаў на волю



Раніцай 31 сакавіка праваабаронца Андрэй Бандарэнка выйшаў на волю з магілёўскай турмы № 4.

Суд прызнаў у ягоных дзеяннях парушэнне парадку знаходжання ў папраўчай установе, але не знайшоў там складу злачынства. Пракурор між тым патрабаваў асудзіць Бандарэнку на 1 год зняволення.

Нягледзячы на надзею, такі прысуд быў абсалютна нечаканым, бо працэс развіваўся цалкам у іншым напрамку, кажа былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі прафесар права Міхаіл Пастухоў:

— Мы былі на гэтым судзілішчы і бачылі, што для гэтага няма нават спадзяванняў ніякіх: па пазіцыі абвінаваўцы і самога суддзі, які надта падыгрываў пракурору, але сёння такі падарунак лёсу, цуд. Мы адначасова рад і вельмі здзіўленыя. І калі бацька Андрэя Бандарэнкі тэлефанаваў дык гаварыў і сам не верыў: так гэта ці не. 

Такім чынам, суд упершыню вынес апраўдальны прысуд на фоне ўзмацнення рэпрэсій супраць дзеячаў дэмакратычнага руху. Прысутныя на судзе сустрэлі абвяшчэнне прысуду апладысментамі. Як прызнаўся сам Андрэй Бандарэнка рашэнне суда таксама сталася для яго прыемнай нечаканасцю.

Андрэй Бандарэнка — стваральнік і былы кіраўнік інфармацыйна-асветніцкай установы „Платформа” і культурна-асветніцкай установы „Платформа інавейшн”, якія займаліся абаронай правоў асуджаных.

Нечаканай навіной назвала ў нашым эфіры апраўдаўчы прысуд праваабаронца Таццяна Равяка, якая сачыла за працэсам у Магілёве:

– Неверагодна пазітыўная навіна, нечаканая. Той жа Андрэй Бандарэнка, калі гэта пачуў, ён сказаў, што ён гэтага не чакаў, не чакаў ніхто да самага апошняга, пакуль суддзя не сказаў, што ён апраўданы. Заўтра да абеда Андрэй Бандарэнка пакіне муры Магілёўскай турмы.

12 жніўня 2014 года ён быў прызнаны вінаватым у хуліганстве і прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней у сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.

Тэрмін пакарання Бандарэнку заканчваецца заўтра, 31 сакавіка, аднак у турме ў дачыненні да праваабаронцы была распачатая новая крымінальная справа, па якой яму пагражала дадатковае зняволенне тэрмінам да двух гадоў. Бандарэнка, які адбывае пакаранне ў магілёўскай турме № 4, абвінавачваўся па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Падставай для гэтага сталі тры парушэнні турэмнага рэжыму (ляжаў на ложку ў дзённы час; размаўляў з іншым асуджаным падчас канваіравання; не праінфармаваў пра колькасць асуджаных і парадак у камеры супрацоўніка турэмнай адміністрацыі, а таксама няякасна склеіў некалькі канвертаў).

Разгляд новай крымінальнай справы пачаўся ў судзе Ленінскага раёна Магілёва 29 сакавіка. Працэс вёў суддзя Сяргей Мазураў.

Пракурор Сяргей Мінаў запытаў для Бандарэнкі адзін год пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Адвакат Вадзім Мушынскі прасіў суд вынесці апраўдальны прысуд. На спрэчках ён адзначаў: з матэрыялаў справы вынікае, што за ўсе парушэнні Бандарэнка ўжо панёс дысцыплінарную адказнасць. Калі яго яшчэ раз за іх пакараюць, гэта будзе азначаць, што Бандарэнка будзе пакараны двойчы за адно і тое ж парушэнне.

Сам Андрэй Бандарэнка, выступаючы сёння з апошнім словам, выказаў сумнеў у аб’ектыўнасці суда.

Праваабаронцы заявілі, што ў выпадку вынясення абвінаваўчага прысуду Бандарэнка будзе прызнаны палітвязнем.