Суды над журналістамі Пятрухіным і Гарбуновым адбудуцца 14 сакавіка



Разгляд справы берасцейскіх журналістаў Сяргея Пятрухіна і Дзмітрыя Гарбунова, якія асвятлялі маршы “Мы – не дармаеды!” ў Берасці, перанеслі на дзень. Яны былі затрыманыя напярэдадні чарговай акцыі, якая адбылася ў нядзелю на плошчы Леніна, і пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС. Суддзя Аляксандр Семянчук абгрунтаваў перанос справы тым, што затрыманыя запрасілі адваката.

Кажа Дзмітрый Гарбуноў:

– Турма – як турма.

РР: Вы вырашылі звярнуцца па дапамогу да адваката і таму вас адпусцілі.

– Так.

РР: А што вам інкрымінавалі?

– Калі затрымлівалі – нічога. У дзве гадзіны я ўжо быў аформлены як сядзелец. Прыйшоў участковы Ленінскага РАУС і сказаў, што мне інкрымінуецца ўдзел у несанкцыянаваным шэсці ў якасці ўдзельніка, нібыта ішоў побач з анархістамі, з бэйджам, з камерай.

Сяргей Пятрухін: Мне складана каментаваць, таму што ўсё было абсалютна беззаконна. Міліцыянеры кажуць: ты нас не пішы, што мы цябе забіраем. Але я запісаў і зараз выкладу размову.

Пятрухін і Гарбуноў рыхтуюцца да абароны ў судзе, а таксама плануюць выкласці сабраныя матэрыялы падчас знаходжання пад вартай для публікацыі.

“Затрыманні звязаныя з тым, каб зашкодзіць атрыманню грамадзянамі аб’ектыўнай інфармацыі аб пратэстах”, – лічуць праваабаронцы.

Разгляд справы запланаваны на 14 сакавіка а 10-й гадзіне.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.