Судзілішча журналістаў у Гомелі. Жукоўскі зашыў сабе рот



Гомельскія журналісты-фрылансеры Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі павінны выплаціць казне па 35 базавых штрафу.

Відэааператараў палічылі вінаватымі ў здымках сюжэта пра жыццё ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі. Журналістка Ларыса Шчыракова ўвогуле заявіла, што не мае дачынення да падрыхтоўкі сюжэта, які выйшаў на тэлеканале „Белсат”, паколькі выпадкова выдаліла з флэш-карты адзняты матэрыял.

Ларыса Шчыракова:

– Насамрэч упершыню мяне караюць за матэрыял, які я не здымала, які я не распаўсюджвала, не мантавала. Прынамсі, на папярэдніх працэсах у матэрыялах адміністрацыйных спраў былі паказанні людзей, якія казалі: “Так, Ларыса Шчыракова брала ў нас інтэрв’ю”. У дадзеным выпадку ёсць толькі адна сведка (Кіраўнічка абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Ала Смаляк), якая, аднак сведчыць, што я не брала ў яе інтэрв’ю.

Нягледзячы на ўсе тлумачэнні Ларысы Шчыраковай, суддзя Цэнтральнага раённага суда Гомеля Аляксандр Піскуноў палічыў журналістку вінаватай.

Усе хадайніцтвы Кастуся Жукоўскага, якія ён заявіў у судзе, былі адхіленыя.

Кастусь Жукоўскі:

– Я надзеў на твар павязку ў знак пратэсту супраць прававога бязмежжа. Мне не далі абаронцу, у адвакаце адмовілі. Гэта сведчыць пра тое, што суда насамрэч няма, ёсць тэлефоннае права і яны паказваюць, каго трэба сёння цкаваць. Сёння гэтага цкуём, пасля будзем іншага цкаваць.

Кастусь Жукоўскі прама ў судзе абвясціў намер зашыць сабе рот з дапамогай ніткі і іголкі. На такое адчайнае рашэнне яго падштурхнуў чарговы суд, у выніку якога ён павінен выплаціць 35 базавых велічыняў штрафу за зняты сюжэт пра жыццё ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі.

„Гэта не суд! Гэта проста звычайныя крымінальныя разборкі, калі людзей, якія працуюць дзеля Беларусі, спрабуюць зламаць. Калі яны зламаюць нас, то яны пачнуць ламаць і астатніх. Рот я абавязкова сёння зашыю. У судзе не зашыў, каб не трапіць у дурдом”, – тлумачыць свой намер Кастусь Жукоўскі.

Сёлета Кастуся Жукоўскага 7 разоў штрафавалі за незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі. Сам журналіст перакананы, што яго пераследуюць за сацыяльныя матэрыялы, у якіх ён даносіць інфармацыю пра праблемы людзей.

Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі з’яўляюцца лідарамі сярод беларускіх журналістаў-фрылансераў па колькасці штрафаў за незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі. Фактычна, як заўважаюць праваабаронцы, іх судзяць за адсутнасць акрэдытацыі, якую не даюць улады.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота аўтара