Судзілішчы ў Першамайскім



А 10-й раніцы ў менскіх судах аднавіўся судовы канвеер над актывістамі, што бралі ўдзел у сакавіцкіх акцыях у абарону ахоўнай зоны Курапатаў. Адміністрацыйныя працэсы адначасова праходзілі ў некалькіх пакоях адразу.

Прынамсі, у судзе Першамайскага раёна наш карэспандэнт пабываў на судовых працэсах над Вольгай Мікалайчык ды Раманам Пратасевічам.

 Вольга Мікалайчык абвінавачвалася ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 24 лютага – маўляў, пад бел-чырвона-белым сцягам выступала супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру на вуліцы Мірашнічэнкі.

 

Суддзя Сідарок, што вяла працэс, адмовілася весці яго па-беларуску. Быў, як зазвычай, запрошаны ілжэсведка. Нехта яўна са спецслужбаў вёў здымку прысутных. Прысуд – штраф у даход дзяржавы ў памеры 30 базавых велічынь, што адпавядае 690 беларускім рублям. Вольга рэзюмавала:

– Я нічога ўжо не баюся – адбаялася!

Тым часам, побач вёўся працэс над Раманам Пратасевічам. Большасць паплечнікаў ды аднакурснікаў Рамана на гэтае судовае паседжанне нават не ўмясціліся. Але з ім ва ўладаў адбыўся канфуз – акурат у той час, за які спрабавалі даць адміністрацыйны арышт, Раман здаваў іспыт у вузе. Таму пасля суда ён не стрымліваў усмешкі.

Паводле прысутных і самых абвінавачаных, усе працэсы ды сведкі з боку абвінаваўцаў раней заангажаваныя. Як і прысуды, што вынесеныя яшчэ да пачатку судзілішчаў.

Што самі “падсудныя” думаюць пра іх – на плёнцы, што ніжэй.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя