Сумнеўныя метады івацэвіцкай міліцыі



Івацэвіцкая міліцыя карыстаецца сталінскімі метадамі для раскрыцця спраў. Каб знайсці скрадзеную тэлевізійную прыстаўку аднаго з жыхароў Івацэвічаў, другога жыхара Івацэвічаў 57-гадовага Сяргея Дылюка адправілі ў траўматалагічнае аддзяленне мясцовай бальніцы з страсеннем мозгу і мноствам сінякоў і ран на целе.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна» 23 студзеня каля 7 гадзін раніцы ў дзверы дома Сяргея Дылюка пастукаліся. Ён, беспрацоўны, збіраўся на працу па дамоўленасці з прадпрымальнікам. На пытанне “Хто?” яму адказалі: “Міліцыя”. Мужчына не паверыў, што так рана міліцыя нечага магла да яго пастукацца, пра што ён сумніўна выказаўся, але дзверы адчыніў. Там сапраўды стаялі ст. лейтэнант, капітан і прапаршчык. Яны адразу заявілі: паехалі ў аддзел, трэба пагаварыць. Але Дылюк сказаў, што можна пагаварыць і тут, бо ён спяшаецца на працу. Міліцыянты запярэчылі, і мужчына падпарадкаваўся.

Яго даставілі ў райаддзел, завялі ў адзін з кабінетаў і адразу запыталі: дзе прыстаўка суседа Дылюка. Пасля адказу: “Не ведаю, я да яго не хаджу” — сталі біць. Але біць прафесійна. Сяргей Дылюк:

 — Па галаве б’юць і б’юць.

РР: І што яны нагамі вас білі?

— Вось тут нагамі, а гэта — кулакамі. Вось так кнігу прыстаўлялі і кулаком па кніжцы: На! Галавой у сцяну….

РР: А што за раны ў вас на нагах?

— А гэта нагамі збівалі. Нават участковы выходзіў, бо я на лаўку упаў, дык ён мне яшчэ кулаком зверху па галаве, і зноў усё паплыла.

Па словах Дылюка, міліцыянты не прадстаўляліся, але ён іх запомніў. Прыходзілі ў бальніцу, каб засцерагчы збітага ад скаргаў, бо яму «мала тады не пакажацца».

Першы намеснік начальніка, кіраўніка крымінальнай міліцыі Сяргей Коцік сказаў, што вядзецца ўнутранае расследаванне:

— Калі праверка пакажа, што ўчастковы ці нехта яшчэ яго збівалі, іх адхіляць ад выканання абавязкаў. Па-першае, Дылюк нікога не называе, а больш без каментарыяў.

Сяргей Дылюк напісаў заявы ў мясцовую пракуратуру і Следчы камітэт з просьбай прыцягнуць  супрацоўнікаў Івацэвіцкага РАУС, якія нанеслі яму цялесныя пашкоджанні, да крымінальнай адказнасці.

 

Цалкам рэпартаж слухайце ў дылучаным аўдыёфайле.

Беларускае Радыё Рацыя, Івацэвічы