Сусветныя Дні Моладзі дапамогуць умацаваць уласную тоеснасць



У Кракаў працягваюць прыбываць пілігрымы з усяго свету. Шмат маладых вернікаў прыехала таксама і з Беларусі.

Аканом Віцебскае дыяцэзіі кс. Вячаслаў Барок, які ачольвае адну з беларускіх групаў, у каментары нашаму радыё зазначыў, што такі вялікі міжнародны фэст паказвае ўсеахопнасць Каталіцкае Царквы:

– Калі хтосьці трапляе ўпершыню на такое спатканне і калі нават не прыналежыць да Каталіцкага Касцёла, то бачачы шматпалярнасць гэтага спаткання, бачачы, што з усіх народаў са ўсіх кантынентаў сустракаюцца тут людзі і іх збірае перадусім Хрыстос, то яны сапраўды бачуць, што Касцёл прысутнічае ва ўсім свеце. І асабліва гэта для нас вельмі важна, калі мы ў Беларусі з’яўляемся меншасцю.

Таксама святар дадаў, што шматкультурнасць Сусветных Дзён Моладзі ўплывае на ўмацаванне нацыянальнае тоеснасці, бо сутыкаючыся з іншымі народамі, беларусы лепей пазнаюць сваю адметнасць:

– Спадзяюся, што гэтая сустрэча адбудзецца ў добрай, цёплай атмасферы адкрытасці. Спадзяюся таксама, што і нашая моладзь з Беларусі, якая будзе прымаць удзел у гэтым міжнародным форуме, узбагаціцца духоўна, і думаю, гэта таксама дапаможа ёй знаходзіць і сваю тоеснасць, сваю нацыянальную прыналежнасць, калі будзе бачыць шматлікасць культур, якія існуюць у гэтым свеце.

Нагадаем, што цягам гэтага тыдня ў Кракаве будуць праходзіць Сусветныя Дні Моладзі, а 27 ліпеня ў Польшчу мае прыляцець Папа Францішак, які ў наступныя дні сустрэнецца з маладымі вернікамі.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя