Сваякі Мікалая Бельчука сустрэліся з адміністрацыяй СІЗА №7 Берасця



Сваякі Мікалая Бяльчука разам з адвакатам, праваабаронцамі і журналістамі спрабавалі сустрэцца з адміністрацыяй СІЗА №7 горада Берасця.

1

Мэтаю візіту была занепакоенасць станам здароўя аднаго з ўдзельнікаў падзеяў са стралянінай пад Маларытай, а таксама перадача заявы аб ягоным пераводзе з ізалятара ў бальніцу. Да фельчара ўстановы звярнулася адвакатка Мікалая Бяльчука:

– Адносна перавода ў медыцынскую ўстанову вырашае Адміністрацыя следчага ізалятара?

Фельчар: Не, гэтае пытанне вырашаю я. Але лепш усе вывазы афармляць праз хуткую дапамогу. А хуткая дапамога сама прымае рашэнне.

Ніякай канкрэтыкі з размовы з адміністрацыяй пачуць не ўдалося, – зазначылі прысутныя. З лістоў дадому вядома, што Мікалай Бяльчук трымае галадоўку ў знак пратэсту супраць арышту нібыта за стары неадбыты тэрмін.

Сітуацыю пракаментаваў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які прысутнічаў пры сустрэчы з адміністрацыяй СІЗА №7:

– Міліцыя як заўсёды паказвае свой сапраўдны твар. У СМІ з’яўляюцца факты таго, што гінуць вязні. Сёння ў працяг гэтай тэмы мы бачым, як у Берасцейскім СІЗА парушаюцца правы затрыманага Бяльчука Мікалая. Ён напісаў у сваіх лістах, што яго збівалі, палівалі халоднай вадой. І з-за гэтага ён абвясціў галадоўку. І галаде ўжо 13 дзень. Сваякі, як мы бачым, занепакоеныя.

Адзін з прадстаўнікоў начальства ізалятару запрасіў на размову адвакатку Мікалая Бяльчука і ягонага бацьку Івана, а астатнім загадаў “не ствараць натоўпу”. Па вяртанні адвакаткі стала вядома, што бліжэйшым часам яна сустрэнецца са сваім падабаронным. “Тры дні таму яна была ў яго, то казала, што выглядаў знясіленным. Зараз паспрабуем звярнуцца ў “Аблздраў” ці хуткую з гэтай заявай, каб тыя прыехалі ў СІЗА і спраўдзілі стан Мікалая і магчымасць ягонага пераводу”, – зазначыў Іван Бяльчук.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце