Свет вачыма сабакі



Гарадзенскі фатограф Ян Хведчын прадставіў першы ў Беларусі фотапраект, у якім свет паказаны так, як яго бачыць сабака. Мэта праекта – прыцягнуць увагу да жывёл, якія знаходзяцца ў пункце часовага ўтрымання бездаглядных жывёл у Гародні.

Ідэя акцыі заключаецца ў тым, каб данесці да людзей жыццё бадзяжных жывёл. На гэтых фотаздымках кожны зможа пабачыць, як пераносіць усе цяжкасці свайго нялёгкага жыцця бадзяжны сабака. Можна пабачыць, як ён есць на сметніку, як яго гоняць людзі, аднак можна пабачыць і дабрыню, і ласку. Тут розныя бакі, аспекты жыцця сабакі.

Каб перадаць жыццё сабак з максімальнай дакладнасцю, Ян Хведчын  выкарыстаў працу французскага лекара і даследчыка Гіёма Леёнсе Дзюпра «Зааоптыка. Свет вачыма жывёл».

Пункт часовага ўтрымання ў Гародні – гэта не прытулак: па правілах, трымаць  жывёл даўжэй за 5 дзён тут не магчыма. Фатограф заклікае ўсіх людзей, хто жадае завесці сабе сабаку ці котку, прыязджаць туды і выбраць сабе гадаванца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Яна Хведчына