Свінаферму – закрылі, людзей – звольнілі



Сказалі, што “інфекцыя”. Ферма працавала ў вёсцы Сашыца Бярозаўскага раёна Берасцейшчыны. Паводле адной з работніц, свінні захварэлі, іх адвезлі на мясакамбінат – усё пагалоўе ў дзве тысячы.

IMG_4267

Работнікам сказалі напісаць заявы па ўласным жаданні, і тыя пагадзіліся, хоць для кожнага звольненага – гэта асабістая трагедыя. Кажа адна з былых работніц:

– Здарылася інфекцыя – закрылі нашую ферму, паздавалі свінняў, прычыны высвятляюць. Усе людзі засталіся без працы, бо ўсіх звольнілі. Тут у цябе было ўсё і раптам – нічога не стала. Два тыдні прайшло пасля гэтага, а да гэтай пары нейкі сталбняк. Новая пабудова, засталося крыху рэканструяваць, будаўнікі  ўсё роўна там працуюць.

Паводле жыхара мястэчка Малеч Анатоля Сахарушы, тры гады таму  людзей з 17-ці вёсак прымусілі вынішчыць пагалоўе свіней, каб зберагчы ад афрыканскай чумы гэтую  свінаферму і яшчэ адну ў вёсцы Хойнікі.

IMG_4270

Невялічкія на той час свінафермы належалі і належаць Бярозаўскаму заводу камбікармоў. Тады людзі пераконвалі, што на прыватных падворках – лепшыя ўмовы, чым на фермах, але ніхто іх не слухаў – кажа Сахаруша:

– Амаль тэрарызм быў у адносінах да вёскі. І ў выніку што атрымалася? Дзе з’явілася гэтая чума? Толькі цяпер не зразумела чаму? Улады маўчаць, гавораць толькі пра нейкую інфекцыю. Сёння паглядзелі якое там гноясхофішча. Там 15 гадоў ніхто нічога не выбіраў.

У мясцовай раёнцы “Маяк” гаворыцца, што на рэканструкцыю фермаў “Сашыца” і “Хойнікі” ў 2013-2016 гадах укладзена амаль паўтара мільярда старых рублёў. Цяпер нібыта трэба праводзіць далейшую рэканструкцыю, але ў адсутнасць жывёл. У той жа час на тэрыторыі свінафермы ў Сашыцы праводзіцца дэзактывацыя.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя