Свята пажарнікаў у Берасці



Напярэдадні Дня пажарнай службы, прадстаўнікі ўладаў і МНС Берасцейшчыны правялі ўрачыстае мерапрыемства на плошчы Свабоды. Традыцыйна былы выказаны ўзаемныя падзякі пажаранікам за службу, уручаны ўзнагароды, пад гукі аркестра прайшоў марш супрацоўнікаў МНС. З прывітальным словам выступіў начальнік Берасцейскага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі, палкоўнік ўнутранай службы Кастусь Шаршуновіч:

– Мы канстатуем, што разам з органамі ўлады, прадпрыемствамі, арганізацыямі ў Берасцейскай вобласці фіксуем самыя галоўныя пазіцыі – змяншаецца колькасць надзвычайных здарэнняў, і самае галоўнае – колькасць загінуўшых людзей. Гэта дасягаецца няпроста. Але ёсць сістэмная праца, якая дае станоўчыя вынікі.

Сярод прысутных былі: вышэйшае кіраўніцтва гораду і вобласці, прадстаўнікі сілавых ведамстваў, замежныя госці з Люблінскага ваяводства Рэспублікі Польшча. Ад прадстаўнікоў МНС у падарунак гораду быў перададзены арт-аб’ект – “Пажарная лава”, якую ўсталявалі на ўваходзе ў сквер плошчы Свабоды.

На ўрачыстасцях прысутнічала каля сотні гараджан, была зладжана выстава сучаснай супрацьпажарнай тэхнікі і рыштунку, месціўся стэнд з архіўнымі даваеннымі фотаздымкамі мясцовых пажарнікаў. Пасля сканчэння мерапрыемства, ганаровыя госці зраблі фотаздымак у двары, дзе да Другой Сусветнай вайны месціліся пажарнікі. Неўзабаве ён будзе знесены.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

Фота аўтара