Святкаванне Дня польскага войска на Гарадзеншчыне (абноўлена)



Непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў у Беларусі супольна з Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Гародні арганізавалі святкаванне Дня польскага войска на Гарадзеншчыне. Урачыстасці пачаліся ўвечары 14-га жніўня на гарадзенскіх вайсковых і старых каталіцкіх могілках, дзе на магілах жаўнераў польскага войска былі запаленыя знічы і ўскладзеныя вянкі. У Пабернардынскім касцёле была адслужаная Святая імша ў памяць аб абаронцах Айчыны, якіх, па словах старшыні Саюза палякаў ў Беларусі Мечыслава Яскевіча, не павінны забываць нашчадкі:

– Гэтыя хлопцы, якія змагаліся, напрыклад, з 81-га гарадзенскага стралковага палка, іх магілы можна спаткаць і пад Варшавай, можна спаткаць і тут, на гарадзенскіх могілках. Гэтыя хлопцы былі пераважна жыхарамі Гародні, або ваколіц горада. Яны змагаліся за вольнасць свайго краю, супраць гэтай савецкай навалы, супраць гэтай чумы ХХ стагоддзя.

Урачыстасці з нагоды дня польскага войска працягнуцца ў суботу і нядзелю на тэрыторыі ўсяго Прынёманскага рэгіёна. Дэлегацыі Саюза палякаў і прадстаўнікі Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні ўскладуць кветкі і запаляць знічы на магілах герояў польска-бальшавіцкай вайны больш як у 25-ці мясцовасцях па ўсёй Гарадзенскай вобласці.

* * *

Дэлегацыя з Польшчы, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі таварыства ”Wspólnota Polska” і дырэктар музея войска ў Беластоку Роберт Садоўскі, наведваюць Гарадзеншчыну, дзе прымаюць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 95-й гадавіне цуда над Віслай – пераможнай бітве польскага войска пад Варшавай падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920-га году. Разам з непрызнаваным уладамі Саюзам палякаў у Беларусі і супрацоўнікамі Генеральнага консульства госці з Польшчы наведаюць пахаванні польскіх жаўнераў больш чым у дзесяці мясцовасцях на Ашмяншчыне, Астравеччыне і Смаргоншчыне. Як зазначае дырэктар музея войска ў Беластоку Роберт Садоўскі, такія візыты даюць магчымасць адчуць, што і па-за межамі Польшчы гісторыя краіны шануецца належным чынам:

 – Дзякую тым, хто даглядае магілы нашых герояў. На гэтай тэрыторыі адбывалі жорскія баі. Нашая армія адступала да Варшавы пад бальшавіцкім націскам. Пасля гэта тэрыторыя цяжкіх баёў падчас Нёманскай аперацыі. Дзякуючы якой мы і здабылі сваю незалежнасць, дзякуючы якой да Рэчы Паспалітай была далучана значная тэрыторыя на усходзе па Рыжскай дамове.

 На тэрыторыі Гарадзеншчыны знаходзяцца дзясяткі пахаванняў жаўнераў польскага войска, якія адноўленыя і захоўваюцца ў належным стане дзякуючы супольным намаганням Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні і Саюза палякаў ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя