Святкаванне Дня Волі ў Нью-Ёрку



3 красавіка ў Грамадскай Залі Сабора Св. Кірылы Тураўскага беларусы Нью-Ёрка адсвяткавалі 98-ыя ўгодкі абвешчання незалежнасці і вольнасці БНР.

_DSC1705

Святкаванне ладзілася сумесна Бруклінскім аддзелам БАЗА, Аддзелам БАЗА ў Нью-Джэрзі; таксама прысутнічалі госці з Беларуска-Амерыканскага Згуртавання “Пагоня”.

Святочная імпрэза ўключала гістарычную частку, якая асабліва спадабалася прысутным невялічкай пастаноўкай, прысвечанай Першаму Усебеларускаму З’езду, якую ладзіла моладзь Бруклінскага Аддзела. Сяргей Касцюк і Сяргей Кіяткін сыгралі герояў рамана „Пляц Волі” А. Пашкевіча – А. Гаруна і А. Бусла адпаведна. Шмат эмацыйных прамоваў-віншаванняў прагучала ад ганаровых гасцей, але найбольш усіх уразіў запрошаны госць з Беларусі Уладзімір Някляеў, які натхнёна прачытаў кампіляцыю сваіх вершаў, прысвечаных 25 сакавіка. Сярод ганаровых гасцей, якія выступілі з віншавальнымі прамовамі, былі Зянон Пазьняк, Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, а таксама Іванка Заяц, намеснік старшыні Украінскага Кангрэсавага Камітэта Амерыкі. Канцэртную частку правёў знакаміты беларускі ансамбль у складзе Валянціны Пархоменкі, Алеся Казака і Вольгі Казак-Анлар.

Наталля Федарэнка, для Беларускага Радыё Рацыя