Святлана Длатоўская: Праз адзенне мы выказваем і свой эмацыйны стан



Першымі моднікамі, безумоўна, былі Адам і Ева. Адразу пасля выгнання з Раю перад імі паўстала пытанне: чым прыкрыць голыя целы? Згодна традыцыі, першым адзеннем першых людзей сталі фігавыя лісты. Так што тагачасную флору і можна лічыць першым модным трэндам.

І жаночыя, і мужчынскія строі перажылі з біблейскіх часоў сотні эвалюцый і тысячы рэвалюцый. І гэта не дзіўна. Менавіта вопратка адразу кідаецца ў вочы пры знаёмстве. Нават модна апрануты няздара іншым разам можа падацца крутым, а акадэмік у дапатопным паліто – няўдахам…

Часопіс “Маланка” Вільня, 1926 год. Карыкатура на тагачасную моду.

Часопіс “Маланка” Вільня, 1926 год. Карыкатура на тагачасную моду.

Хто і як прыдумляе модныя трэнды? Беларускія традыцыйныя вышыванкі – гэта мода ці адзін са сродкаў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі? І, увогуле – што такое мода і нашто яна патрэбная?

Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з беларускім дызайнерам адзення Святланай Длатоўскай.

Што такое мода? Спярша трэба адказаць на пытанне: а нашто чалавеку ўвогуле адзенне?

РР: Відавочна, каб не быць голым…

Вось мы і вызначылі першы ўзровень: цялесны. А кожны чалавек варты таго, каб яго разглядзелі хоць ў некалькіх аспектах. Першы мы вызначылі — аспект матэрыяльных рэчаў. Чалавек баіцца за сваё цела, яму хочацца яго нечым прыкрыць. Каб не было халодна, каб было зручна… Другі ўзровень: пачуцці. Ад самых прымітыўных і да высокіх. Смачна паесці. Кульнуць чарку. Пабыць з жанчынай. Далей больш тонкія градацыі, да самых найтанчэйшых… Жаданне валодаць рэчамі ці нечай ўвагай – таксама пачуццё. Так і з’яўляецца ўзаемадзеянне чалавека і адзення. Нараджаюцца ўніформа, пэўны дрэс-код…

РР: Але ж той-сёй, пэўна, можа спытацца: а на халеру той дрэс-код, а на халеру тая мода? Відавочная праява маёмаснай няроўнасці! Вось, калі б усе хадзілі ў аднолькавых камбінезонах, як у Паўночнай Карэі…  Гэткая ілюстрацыя лозунга «свабода – роўнасць – братэрства».

Праз адзенне мы выказваем і свой эмацыйны стан. Чалавек выкарыстоўвае колер, фактуру, сілуэт… Спосабаў багата!

РР: А як з’яўляюцца модныя трэнды? Іх запускае нейкі мадэльер? Скажам, у ХVI стагоддзі ў мужчынаў былі папулярнымі жабо… Адкуль яны ўзяліся? Жабо – не калектыўная прыдумка, а вынаходніцтва аднаго чалавека?! Дый і мадэльных дамоў з раскручанымі фірмовымі брэндамі тады не было…

— Гэты чалавек прыслухоўваўся да свайго “я” і, нарэшце, прыйшоў да высновы, што нешта яму муляе. І зразумеў, што без жабо ён жыць не можа. Надзеў, выйшаў на вуліцу. Некаму спадабалася, некаму – не надта. Той, каму спадабалася, пачаў жабо малпаваць. Так і ўзнік попыт на новую дэталь вопраткі.

РР: А беларускія вышыванкі, папулярныя цяпер у нашай краіне – гэта мода ці не мода? Ці гэта ўсё ж больш нацыянальная традыцыя, як бярэткі басконцаў ці кілты шатландцаў?

— Калі цяпер разглядаць тое, што прынята лічыць гістарычнай традыцыяй, то і там можна знайсці такое, што раней лічылася модай. Як і з тымі ж вышыванкамі. Нейкая цётка, якая тыя кашулі вышывала, знаходзіла новыя фасоны, ці ўзоры, ці ўвогуле нешта такое, чаго да яе не было. Чаму ўзнікла жаданне насіць арнаментаванае адзенне ў горадзе? Не магу гаварыць пра іншых, але ў мяне такое жаданне ўзнікла яшчэ напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Вышыла і надзела. Людзі глядзелі па-рознаму. Камусьці падабалася, хтосьці, напэўна, палічыў мяне вар’яткай…

РР: А не было такога, каб у вас тыцкалі пальцамі і па-хабёльску сіпелі: “гы-ы-ы, калгасніца”? Іншым разам у Беларусі і такое яшчэ можна пачуць…

— “Калгасніцай” мяне не называлі, але пра тое, што я дзівачка, напэўна, казалі. Я, шчыра кажучы, асабліва і не прыслухоўвалася, а прыслухоўвалася толькі да свайго “я”. Лічыла, што мне гэта трэба, я гэтага хачу, і таму гэта рабіла. І вось, праз пятнаццаць гадоў вышываначны трэнд нарэшце стаў папулярным і ў моладзі. Што тычыцца вышыванак – нешта абудзілася, нешта зрэзанавала ў душах людзей…  

РР: А магчыма, што матывы ў людзей, якія адзелі вышыванкі, розныя? Для кагосьці гэта дэманстрацыя сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, для кагосьці: «ой, як прыгожа, я такое хачу!» А для некага і малпаванне: калі трое ідуць у вышыванках, а адзін – у звычайнай саколцы, міжволі ўзнікае жаданне быць падобным да большасці… Якіх аматараў вышыванак, на ваш погляд, цяпер больш?

—  Для кагосьці вышыванка – сапраўды мода, для кагосьці – проста рэч, за якую ён выдаў вялікія грошы. Але большасць – тыя, хто жыве пачуццямі. Прынамсі, мне так падаецца…

РР: А ці ёсць шанец, што вышыванкі не знікнуць, бо мода гэта менавіта тое, што прыходзіць і сыходзіць…

— У пэўным выглядзе, вядома ж, застануцца! Але толькі сапраўды якасныя ўзоры.

РР: То давайце пагаворым з вамі, як з дызайнерам… Як вы пралічваеце сваю мэтавую аўдыторыю?

— Ніколі матэматычна не пралічваю тую аўдыторыю, якая можа купіць мае працы. Я заўсёды арыентуюся выключна на сваё “я”… Абіраеш сродкі, абіраеш тканіну, спосаб апрацоўкі гэтай тканіны, тая ж вышыўка… Некаторыя ўзоры я прыдумала сама: ні ў якіх падручніках ці спецыялізаваных кніжках яны не сустракаюцца. Заўсёды казала сабе так: мне трэба гэта – і я гэта зраблю.

РР: Але ж тое, што вы робіце, становіцца даволі папулярным… Як так атрымліваецца?

— Я гляджу на пэўную супольнасць людзей, прыслухоўваюся да іх словаў, да іх меркаванняў… І неяк сама сабою нараджаецца думка: вось менавіта гэтым людзям пасуе менавіта такая вопратка.

РР: Сучасныя беларусы – людзі модныя ў плане вопраткі?

— На вялікі жаль, добра апранутых людзей няшмат.

РР: Добра ў плане “дорага” – ці ўсё ж густоўна?

— Для мяне «добра» і «густоўна» – адно і тое ж…

 Часы, калі моднымі былі дарагія транты раскручаных сусветных брэндаў, відаць, ужо адыходзяць. Цяпер у трэндзе – не дарагое і фірмовае, а эксклюзіўнае і густоўнае.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

На фота: дызайнерскія працы Святланы Длатоўскай