Святочная імпрэза для дзяцей ад Саюза палякаў на Беларусі



Непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў на Беларусі арганізаваў святочную навагоднюю сустрэчу для дзяцей, якія вывучаюць польскую мову ў школах і дзіцячых садках Гарадзеншчыны. Больш за дзвесце жыхароў Гарадзеншчыны разам са сваімі дзецьмі мелі магчымасць не толькі паназіраць за святочным канцэртам, але і паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах.

Як зазначае старшыня галоўнай рады Саюза палякаў Анжаліка Борыс, такія мерапрыемствы падкрэсліваюць запатрабаванасць вывучэння польскай мовы сярод прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці:

— Цешыцца папулярнасцю польская традыцыя, традыцыя Божага Нараджэння, традыцыя навагодніх сустрэчаў дзе дзеці расказваюць вершы, спяваюць песні на польскай мове. Гэта інсцэнізацыя і своеасаблівая забава.  

Святочная імпрэза ў Гародні стала адной з апошніх у шэрагу калядных мерапрыемстваў, якія Саюз палякаў штогод ладзіць па ўсёй Беларусі. Традыцыйна да арганізацыі ўрачыстасцяў далучаюцца польскія грамадскія арганізацыі, Міністэрства замежных справаў і фундацыі, якія займаюцца дапамогай суайчыннікам на ўсходзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня