Сябраў выбарчых камісіяў папярэдзяць пра крымінальную адказнасць за фальсіфікацыю выбараў



Грамадская ініцыятыва «Жанчыны супраць фальсіфікацый» плануюць распаўсюдзіць адмысловыя ўлёткі напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў. Каардынатар ініцыятывы, намеснік старшыні руху «|За свабоду» Галіна Скараход распавяла, што яны збіраюцца звярнуцца да жанчын-сябраў выбарчых камісіяў.

Галіна Скараход:

— Сябры камісіі датычныя да таго палітычнага і эканамічнага курсу, якім потым ідзе краіна. Падчас сёлетніх выбараў жанчын у складзе выбарчых камісіяў налічваецца 75%. Сярод кіраўнікоў выбарчых камісіяў палова — жанчыны. Мы папярэджваем ва ўлётках, што ёсць артыкул 192 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае да 5-ці год зняволення за скажэнне вынікаў галасавання. 

У ініцыятыву «Жанчыны супраць фальсіфікацыяў» уваходзяць сем дэмакратычных структур. Сярод іх Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду», Беларускі народны фронт, партыя левых «Справядлівы свет» і іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: „Наша Ніва”