Сябры Слонімскага грамадскага цэнтра наведалі Велюнь



У польскім горадзе Велюнь пабывалі сябры Слонімскага грамадскага цэнтру са Слоніма, Гародні і Дзятлава. Такую азнаямляльную і навучальную паездку ім аказала арганізацыя ALDA.

Па словах аднаго з сяброў Слонімскага грамадскага цэнтра Віктара Марчыка, госці з Беларусі не толькі пабачылі прыгожы польскі горад, але пазнаёміліся з дзейнасцю мясцовага самакіравання.”Калі, напрыклад, прадпрымальнік будуе сабе нейкі аб’ект і ён будзе выкарыстаны пад бізнэс, то гэты прадпрымальнік плоціць толькі 55% падатку, а не ўсе 100%. А калі аб’ект будзе пабудаваны, то ён вызваляецца ад падатку на нерухомасць на год. На год ад падатку вызваляе прадпрымальніка і гарадское кіраўніцтва. Атрымліваецца, што той прадпрымальнік, які вырашыў пашырыць свой бізнэс, вызваляецца ад падаткаў на два гады, – пачаў распавядаць Віктар Марчык.—Нам у Беларусі такое і не снілася”.

Падчас сустрэч з кіраўніцтвам гміны, сябры Слонімскага грамадскага цэнтру спыталі, чаму школа на 130 вучняў прыгожа выглядае і па-сучаснаму абсталявана ўсім тым, што неабходна дзецям і настаўнікам, а будынак паліцыі даволі сціплы? Кіраўніцтва гміны адказала, што “наш гадавы бюджэт складае 6 мільёнаў даляраў ЗША. І імі распараджаеюцца жыхары гміны, а не начальства. Людзі самі вырашаюць, куды ў першую чаргу неабходна выдаткаваць фінансы. Вырашылі – на адукацыю, а будынак паліцыі пачакае…”

Значная частка сумы ідзе на вырашэнне сацыяльных праблемаў. На нараджэнне другога дзіцяці і наступных бацькі атрымліваюць па 130 даляраў штомесячна да паўналецця і г.д.

Сябры Слонімскага грамадскага цэнтру наведалі таксама розныя культурныя і навучальныя ўстановы Велюня, правялі шмат сустрэч з цікавымі людзьмі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя