Сябры ТБМ наведалі гарадзенскія могілкі



У Гародні пачалі адзначаць Дзяды. Сябры Таварыства беларускай мовы наведалі могілкі на праспекце Касманаўтаў. На гэтым гарадзенскім некропалі знаходзяцца магілы многіх гарадзенцаў, якія зрабілі вялікі ўклад у нацыянальную культуру. Адведванне пачалося з магілы Апанаса Цыхуна – заслужанага настаўніка Беларусі, паэта і мовазнаўцы.

Кажа Алесь Крой – старшыня абласной Рады ТБМ:

– Мы вырашылі, што на Радаўніцу і на восеньскія Дзяды трэба хадзіць. Не заўсёды атрымлівалася адведаць Апанаса Цыхуна два разы на год, але адзін раз цягам года абавязкова прыходзілі. Спачатку наведвалі яго, а пасля з кожным годам далучалі яго сяброў. Ён сябраваў з заслужаным дзеячам культуры Аляксандрам Шыдлоўскім, таксама сябраваў з Алесем Ліпенем. Ён меў сярод знаёмых палову Гародні.

 

Некаторыя месцы пахавання былі прыбраныя актывістамі, бо не ўсе з памерлых маюць сваякоў. Гарадзенскія актывісты адведалі магілы сужэнства Цыхуноў, Шыдлоўскіх, Талерчыкаў, Антона Валынчыка, Юркі Гуменюка, Браніслава Ржэўскага, Аляксея Карпюка ды Юрыя Астроўскага. Таксама яны спадзяюцца, што да Дзядоў будуць адведаны і іншыя грамадскія і нацыянальныя дзеячы Гародні, якія адышлі ў іншы свет.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара