Сямейны скандал скончыўся стратай працы і пастаноўкай на ўлік



Сямейны скандал на глебе рэўнасці ў нецвярозым стане з выклікам участковага для 33-гадовага кіроўцы сельгаспрадпрыемства “Бярозаўскае” Мікалая Шуста скончыўся не толькі штрафам, але і пастаноўкай на ўлік нарколага і стратай працы.

img_5978

Такое суровае пакаранне атрымана пасля першага адміністрацыйнага правапарушэння, кажа Мікалай Шуст:

– У мяне адпрацавана 334 дні за год. 4185 гадзін за год – па 12,5 гадзін у дзень атрымліваецца. Абзалімава мяне паставіла на ўлік, а пасля прыйшла папера з ДАІ здаць правы. Кіроўцам я атрымліваў 6 млн. рублёў, а слесарам буду атрымліваць мінімалку. У мяне трое дзяцей, я на мінімалку іх не апрану. Вось няхай Абзалімава іх і апранае!

Мікалай Шуст звярнуўся ў міліцыю на дзеянні ўчастковага, ў пракуратуру і галоўнага лекара Бярозаўскай раённай бальніцы. Ён не лічыць сябе алкаголікам і ў пастаноўцы на ўлік бачыць парушэнне сваіх правоў.

Паводле Шуста, сямейныя праблемы яны з жонкай больш не будуць вырашаць з дапамогай міліцыі.

Беларускае Радыё Рацыя