Андрэя Шарэнду дапыталі наконт антылукашэнкаўскай расцяжкі



Берасцейскі следчы камітэт змагаецца за аўтарытэт Аляксандра Лукашэнкі. У расцяжцы з надпісам: “Лукашенко, ты урод! Хватит грабить наш народ” следчыя ўбачылі прыніжэнне гонару і годнасці Лукашэнкі. Расцяжка была вывешана ў Берасці яшчэ ў лютым.

Тады была заведзена адміністрацыяйная справа. Пасля графалагічнай экспертызы – крымінальная. Па гэтай справе ў Следчы камітэт былі выкліканы актывісты “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Шарэнда і Паліна Шарэнда-Панасюк у якасці сведкаў, кажа Андрэй Шарэнда:

– Першымі, каго яны вырашылі дапытаць у якасці сведкаў, аказаліся я і мая жонка Паліна. Асноўнае пытанне, якое мне задавалі, дзе я знаходзіўся 17 лютага. Мяркуюць, што ў гэты дзень была вывешана расцяжка. Я сказаў, дзе знаходзіўся, сказаў адразу, што гэта цалкам палітычная справа і іншыя тлумачэнні даваць адмовіўся.

Паліне перанеслі допыт на 15 траўня.  Не было з кім пакінуць двух малалетніх дзетак. Андрэй і Паліна лічаць, што ідзе ціск і запалохванне актывістаў, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнка. На іх думку,  сама справа выглядае проста смешнай, калі следчыя знайшлі нейкую цынічнасць у выказванні, якое, нібыта, зачапіла за жывое самога Лукашэнку.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота belsat.eu