Сярэдні ўзрост беларусаў павялічыўся на пяць гадоў



На пачатак 2016 года сярэдні ўзрост жыхароў Беларусі з 1990 года павялічыўся на пяць гадоў і складае 40,1 года (у мужчын — 37,3 года, жанчын — 42,5 года). Такія звесткі ўтрымліваюцца ў аглядзе Нацыянальнага статыстычнага камітэта да Сусветнага дня народанасельніцтва, які адзначаюць 11 ліпеня.

Паводле звестак Белстата, сярэдні ўзрост беларускага гараджаніна за 25 гадоў павялічыўся на 6,8 года і склаў 38,8 года. За гэты перыяд вясковец пасталеў на 3,2 года і яго сярэдні ўзрост склаў 44,5 года.

Віцебская вобласць — самы узроставы рэгіён краіны. Сярэдні ўзрост жыхароў вобласці складае 41,5 года. Самым маладым рэгіёнам з’яўляецца Менск, дзе сярэдні ўзрост складае 38,3 года.

Чаканая працягласць жыцця ў Беларусі за апошнія пяць гадоў павялічылася на 3,5 года і склала ў 2015-м 73,9 года.

Колькасць насельніцтва краіны на пачатак 2016 года склала 9 млн. 498 тыс. Беларусь па гэтым паказчыку займае 92-е месца ў свеце, 17-е месца сярод еўрапейскіх дзяржаў, 6-е — сярод краін СНД.

На пачатак 2016 года ў Беларусі пражывала 5 млн. 77 тыс. жанчын і 4 млн. 421 тыс. мужчын. На 1.000 мужчын прыпадала 1.149 жанчын, у тым ліку ў гарадской мясцовасці — 1.167, у сельскай — 1.086.

Самым шматлікім па колькасці жыхароў з’яўляецца Менск, у ім пражывае 1 млн. 960 тыс. чалавек, або кожны пяты жыхар краіны (20,6%). Сярод абласцей найбольш заселеная Гомельская, дзе пражывае амаль кожны сёмы жыхар краіны.

Як адзначыў Белстат, агульнасусветная тэндэнцыя ўрбанізацыі характэрная і для сучаснай Беларусі. Тры чвэрці яе насельніцтва — гараджане. На пачатак гэтага года колькасць гарадскога насельніцтва склала 7 млн. 370 тыс. чалавек.

Прыблізна 70% гарадскога насельніцтва сканцэнтраванае ў буйных гарадах з колькасцю насельніцтва 100 тысяч і больш. Гэта Менск, усе абласныя цэнтры, а таксама Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Салігорск, Наваполацк, Ліда.

Сусветны дзень народанасельніцтва адзначаюць штогод 11 ліпеня. У гэты дзень ў 1987 годзе колькасць насельніцтва Зямлі перавысіла пяць мільярдаў чалавек.

belapan.by