Сяргей Антончык: Дэкрэт аб’яднаў людзей



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі і вядомы прафсаюзны актывіст Сяргей Антончык распавядае, які лёс можа чакаць дэкрэт аб “дармаедах”.

Сяргей Антончык: Тое, што Лукашэнка прыняў рашэнне “прытармазіць” дзеянне дэкрэта, было ў пэўным сэнсе прадказальна. Па вялікаму рахунку, улада разумела, што дакумент наогул трэба было адмяніць, але ж вырашылі захаваць нейкі твар. І дэкрэт не адмянілі, і яго дзеянне прыпынілі.

РР: Ці могуць праз год гэты дэкрэт поўнасцю адмяніць?

Сяргей Антончык: Мне падаецца, што ўсё будзе залежыць ад эканамічнага стану ў краіне. Калі ўладам удасца атрымаць новыя крэдыты альбо крыху падняць на ногі эканоміку, то дэкрэту могуць даць новае жыццё. Можа быць, крыху ў іншым выглядзе. Задачы такіх дэкрэтаў, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і раздзяліць грамадства. Праўда, зараз яны зрабілі ўсё агулам, а таму атрымалася не падзяленне людзей, а наадварот – іх яднанне. Дэкрэт аб’яднаў простых людзей, якія да палітыкі не мелі ніякага дачынення. Таму пабачым, якая сітуацыя складзецца, скажам, праз год. Калі народ супакоіцца, то ўлада ізноў будзе рабіць усё, што ёй захочацца. Але зараз можна сказаць адназначна – гэта людзі прымусілі пайсці ўладу на саступкі. Было супрацьстаянне паміж уладай і народам, але зараз гэта пераходзіць у перманентны крызіс.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя