Сяргей Антончык: Людзі не разумеюць, чаму іх накіроўваюць у “карцар”



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі і вядомы прафсаюзны актывіст Сяргей Антончык распавядае пра эфектыўнасць пратэстных акцый і сітуацыю ў краіне.

Сяргей Антончык: Мяркую, што людзі адгукнуцца на Марш абураных беларусаў, які адбудзецца сёння на Кастрычніцкай плошчы. Акцыя накіравана супраць дэкрэта аб “дармаедах”, а гэта закранае вельмі шмат людзей. Іншая справа, што ў грамадстве існуе пэўная інерцыя невыхада на вулічныя пратэсты, бо застаўся страх перад рэпрэсіямі. Раней удзел у такога кшталту мерапрыемствах заканчваўся арыштамі, нават тэрмінамі зняволення, і многія беларусы з асцярогай ставяцца да такіх акцый. Няма пакуль у грамадстве адчування волі, што можна свабодна выказаць пратэст. Не думаю, што Марш абураных беларусаў будзе шматтысячным, але тое, што многія адгунуцца, гэта дакладна. 

РР: У краіне – эканамічны крызіс, і ў той жа час улады пайшлі на такія непапулярныя меры, як Дэкрэт аб “драмаедах”. Навошта ў сітуацыі, калі і так падае ўзровень жыцця, лішні раз злаваць людзей?

Сяргей Антончык: Справа ў тым, што ўлада сканцэнтравана ў адных руках і робіць тое, што захоча. Памятаю, як было ў 90-х гадах… Тады таксама была і “паўлаўская” рэформа, і талоны на абед… Для эканомікі гэта нічога асаблівага не давала, але ў час, калі ўлада пачынала распадацца, яна рабіла самыя непапулярныя крокі. У разгубленасці чыноўнікі не разумеюць, што трэба правільна рабіць. У гэтым, напэўна, нават ёсць нейкі закон. І такія непапулярныя крокі проста незразумелыя абывацелю. Дык адмяніце дэкрэт, каб зняць напружанасць у грамадскасці. Але ж яны гэта не могуць зрабіць.

Увогуле, як мне падаецца, у гэтым дэкрэце прысутнічае ў нейкай ступені турэмны падыход. Вось ты патрапіў за краты, і там абавязкова павінен працаваць. Калі не згодны, то ідзі ў карцар. І людзі ўзрушаны. Чалавек, які адпрацаваў 30 гадоў, не разумее, чаму зараз яго накіроўваюць у “карцар”. Таму ўлада ідзе да свайго канца звычайным метадам – яна пачынае прымаць самыя непапулярныя меры, якія прыводзяць да ўздыму людзей. І ў Беларусі ў бліжэйшы час могуць быць самыя розныя сцэнары развіцця падзей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя