Сяргей Антусевіч: Гэта выглядае на страляніну з гарматы па вераб’ях



З беларускіх „дармаедаў” сабрана ўжо каля мільёна рублёў. Грошы паступілі ў бюджэт ад тых, хто ў мінулым годзе не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, – адзначылі ў Міністэрстве па падатках і зборах. Паведамленні пра неабходнасць заплаціць «падатак на дармаедства» накіраваныя яшчэ 50-ці тысячам беларусаў.

“Выдаткі на працу чыноўнікаў, якія шукаюць „дармаедаў”, несувымерныя з тымі грашыма, якія дзяржава ў выніку атрымлівае”, – каментуе намеснік Старшыні Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч:

– Гэта выглядае на страляніну з гарматы па вераб’ях. Натуральна, што мы пра гэта казалі і раней. Можна, канешне, паказваць і гаварыць пра нейкія лічбы, але пры гэтым існуюць вялікія затраты на адміністрацыйныя працэдуры. Тым больш што мы ведаем, што Міністэрства па падатках і зборах ужо прынесла прабачэнне, маўляў, тыя людзі, якія атрымалі, можа выпадкова патрапілі ў гэты спіс, але ўсё роўна трэба ісці і даказваць сваю невінаватасць. Мы па-ранейшаму супраць гэтага ўказу і будзем дамагацца яго адмены.

У той жа час, як запэўніваюць падаткавікі, для тых, хто не ў стане аплаціць падатак, ёсць станоўчыя навіны –  у складанай жыццёвай сітуацыі «падатак на дармаедства» могуць адмяніць. У гэтым выпадку трэба звярнуцца з адпаведнай заявай у мясцовыя органы ўлады, якія і будуць прымаць рашэнне па гэтым пытанні.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя