Сяргей Верамеенка: Міліцыя, пракуратура і Следчы камітэт не бачаць парушэнняў



Міліцыя, пракуратура і Следчы камітэт не бачаць складу крымінальнага злачынства ў гвалтоўным пазбаўленні волі Сяргея Верамеенкі невядомымі. Грамадскі актывіст, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі быў гвалтоўна вывезены падчас вызвалення яго з ізалятара часовага ўтрымання 29 сакавіка. Калі той, спрабаваў выйсці з машыны, то яго пачалі душыць гэтыя невядомыя людзі.

– Я праходзіў медыцынскую экспертызу, адносна таго, што ў мяне засталіся цялесныя пашкоджанні. Даведку аб атрыманні цялесных пашкоджанняў я дадаваў – і ў пракуратуру, і ў міліцыю, і ў Следчы камітэт. Чаму яны гэта не бяруць пад увагу – невядома. Тым больш што ў той даведцы, якая мне выдана ўрачом, пазначана, у выніку чаго я атрымаў гэтыя пашкоджанні. То бок міліцыянты, ці там афіцеры Следчага камітэта, яны ўсё роўна павінны праверыць мае паказанні, павінны даць адказ на гэтую даведку.

Сяргея Верамеенку абурае тое, што не праводзілася аніякіх праверак следчымі органамі, хаця ён прадаставіў шэраг доказаў, якія даюць падставы ўзбудзіць крымінальную справу супраць невядомых яму асобаў, якія дакладна працуюць у сілавых структурах.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя