Сяргей Верамеенка патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу



Заяву ў пракуратуру падаў актывіст Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з Гародні Сяргей Верамеенка. Два дні таму, падчас яго вызвалення з адміністрацыйнага арышту, асобы ў цывільным, якія назваліся міліцыянтамі, спрабавалі яго гвалтоўна вывезці з установы часовага утрымання на вуліцы Гая. Сябры Верамеенкі дагналі аўтамабіль з невядомымі. Тады Верамеенка напісаў заяву ў Следчы камітэт па факце гвалтоўнага выкрадання. Але, на думку актывіста, гэтая ўстанова не мае зацікаўленасці выконваць свой абавязак і шукаць выкрадальнікаў.

– Усе мае ўчорашнія тэлефанаванні ў Следчы камітэт прывялі мяне да высновы, што там ніхто займацца гэтым не будзе. Калі я пішу заяву пра ўзбуджэнне крымінальнай справы аб выкраданні, аб незаконным пазбаўленні волі чалавека, а яны мне адказваюць, што атрымалі зварот грамадзяніна, то гэта нікуды не лезе – у ніякую браму, у ніякія рамкі. Таму я вымушаны звярнуцца і ў пракуратуру і не выключаю, што і далей буду звяртацца – і ў Генеральную пракуратуру, і ў вышэйстаячыя арганізацыі.

Праўную дапамогу Сяргею Верамеенку аказвае праваабарончы цэнтар „Вясна”, без якога, кажа актывіст, было б значна цяжэй дамагацца выканання законных правоў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя