Сярод назіральнікаў на выбарах у Бярозе многа маладых людзей



Прадстаўніцы кампаніі «Права выбару» Ганна Красуліна і Дыяна Касцюковіч правялі семінар у Бярозе для назіральнікаў, якія будуць працаваць на выбарчых участках Бярозаўскай выбарчай акругі №9. Тут, між іншымі, вылучаецца сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў. “Назіральнікамі выказалі жаданне стаць маладыя людзі, якія яшчэ ня маюць досведу, але хочуць супрацьстаяць фальсіфікацыям”, — кажа Ганна Красуліна:

— Мы плануем закрыць усе ўчасткі і вельмі рады, што моладзь. Бяроза ў гэтым сэнсе прагрэсіўны рэгіён і Саша малайчына, бо сабраў такую каманду вакол сябе. Ён чалавек, які вакол сябе збірае крэатыўных, творчых, маладых, энергічных, цікавых людзей. Гэта вельмі моцна і шмат чаго вартае ў нашай краіне, бо цяпер палітыкай мала хто захапляецца, скажам так, бо гэта і небяспечна і крыху нецікава ва ўмовах калі рэальных выбараў няма. 

Назіральнікі ўпэўнены, што без спецыяльнага навучання немагчыма справіцца з тымі крытычнымі сітуацыямі, якія ўзнікаюць на выбарах. Пасылаць непадрыхтаваных для назірання людзей – ня мае сэнсу.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза