Сястра Юры Хадыкі: 78 гадоў для брата – гэта рана



11 верасня не стала прафесара Хадыкі. Яму было 78 год.

хадыка      Фота Кастуся Хадыкі

У найнойшую гісторыі Беларусі Юры Хадыка ўвайшоў як адзін з бацькоў незалежнасці і першых палітвязняў, намеснік старшыні Беларускага Народнага Фронту. Разам з тым, на ягоным рахунку паўтары сотні навуковых прац па фізіцы і дзясяткі публікацый па гісторыі айчыннага мастацтва. Менавіта Юры Віктаравіч адкрыў пры Акадэміі навук Музей старажытнабеларускай культуры. Апошнія гады жыцця ён правёў у Злучаных Штатах. У гутарцы з нашым карэспандэнтам Стасам Дадэркам мастацтвазнаўца Тамара Габрусь распавяла шэраг цікавых фактаў з біяграфіі роднага брата. У тым ліку тое, што ў дзяцінстве, акурат перад савецка-нямецкай вайной, Юры Хадыка жыў у Беластоку, дзе яго бацька будаваў электрастанцыю.

Тамара Габрусь: Ён нарадзіўся 23 чэрвеня. І калі яму было роўна 3 гады, бацькі якраз пераехалі з Беластока ў Менск. Маці з двума маленькімі дзецьмі паехала ва Украіну, у Чырвонаармейск, дзе зараз ідзе данецкае змаганне. І маці прабыла там усю вайну.

У нашай сям’і ёсць адна легенда, якая мяне насамрэч уражвае. І знакавасць лічбаў для мяне мае сэнс. Бацька даслаў дзве тэлеграмы з Менска. У першай ён віншаваў сына з трохгоддзем, а праз паўтары гадзіны – вестка пра тое, што ідзе на фронт.

Чаму я акцэнтую ўвагу на бацьку? Бо яшчэ адна сімволіка лічбаў: атрымалася, што Юры Віктаравіч памёр роўна праз 35 гадоў у той жа дзень, што бацька. Калі лічыць па часе Злучаных Штатаў, то гэта было яшчэ 10 верасня, 19 гадзін.

Памёр ён вельмі лёгка: сэрца раптоўна спынілася. Ён гуляў з малодшай унучкай і страціў прытомнасць. Адышоў адразу, як кажуць.

Калі мы падрасталі – гэта былі 60-ыя гады, – тады быў падзел на лірыкаў і фізікаў. І фізікі былі ў асаблівай пашане, павазе. Ён увесь час выдатна вучыўся. Меў залаты медаль.

РР: Цікава, а беларуская мова ў вашай сям’і прысутнічала заўжды?

Тамара Габрусь: Не. Яна была ў нашай сям’і ў розных суадносінах. Рэч у тым, што бацька – беларус, а маці – руская, пры гэтым з Курскай губерні. Яны пазнаёміліся ва Украіне і вырашылі ўзяць шлюб. Бацькі маці не хацелі яе аддаваць замуж, бо ён размаўляе, як літвін. І мяне гэта больш за ўсё здзівіла: тады яны не ўжывалі слова “беларус”, а менавіта “літвін”. У бацькі, натуральна, быў беларускі акцэнт. Сам ён з Сеннінскага раёна, з Віцебшчыны. І калі бацькі між сабой часам выяснялі адносіны, маці абзывала яго “пшэкам”, а ён яе – “татаркай”.

Адчуванне беларускасці, я думаю, было ва ўсіх нас. Мяркую, яно прачнулася ва ўсіх адначасова ў 1968 годзе. Мы ж усё з інтэлігенцкага асяроддзя. Выдатнік, медаліст, прыгожы хлопец, таму зразумела, што ён паступіў ва ўніверсітэт без аніякіх пытанняў. Стаў сакратаром камсамольскай арганізацыі, ленінскім стыпендыятам на той час. Акрамя таго, ён быў капітанам гандбольнай каманды. Праўда, ён вельмі моцна пашкодзіў нагу, што вельмі моцна паўплывала на яго ў сталым узросце. Апошнім часам вельмі цяжка было хадзіць яму.

Смерць Юры – заўчасная. У нас дзед жыў 105 гадоў, і бацька збіраўся пражыць 105 гадоў. Але пасля вайны, як вярнуўся, сказаў, што не пражыве столькі, бо вайна шмат з’ела. І калі казаць пра брата, то, я лічу, наступствы спорту з’елі трохі жыцця.

Калі ён быў лідарам БНФ, то ледзь не памёр ад сепсісу. Здаецца, у 2000 годзе яго паклалі на невялікую аперацыю, пасля якой яго заразілі сінегнойнай палачкай. Але выратавалі яго. Жонка дарагія замежныя лекі знайшла.

РР: Думаеце, наўмысна гэта было зроблена?

Тамара Габрусь: Думаю, што ненаўмысна. У той жа час і Карпенка памёр, і яшчэ нехта. Пацягнуліся чуткі, што ён чарговая ахвяра. Але брат смяяўся. Іншым разам, калі ўжо ачуняў, брат казаў, што цудам выжыў, бо ад гэтай сінегнойнай палачкі паміраюць хутка: паўтара сутак – і смерць. У свой час толькі дэ Голь перажыў сепсіс. І тое, дэ Голь быў малады, а ён – не.

РР: Прабачце, але ж 4 гады перад тым, у 1996 годзе, ваш брат трымаў галадоўку нават.

Тамара Габрусь: Так. Была галадоўка таксама. Але я лічу, што для нашага роду 78 гадоў, якія пражыў брат, – гэта рана.

Па словах сястры, Юры Хадыка паводле веравызнання быў уніятам.

Менск апошнім разам ён наведаў у кастрычніку мінулага года, акурат на юбілей Тамары Габрусь. Свой прах ён прасіў пахаваць у Беларусі.

11 верасня ў Кафедральным саборы БАПЦ прайшла паніхіда па Юрыю Хадыку і па ахвярах тэракту 11 верасня  2001 года ў Нью-Ёрку.

panikhidaФота Віктара Дударава

Гутарыў Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя