Тамара Сяргей: Мы прапанавалі Касінцу пакінуць пасаду



Грамадзяне з ініцыятвы „Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры” правялі ў Менску на плошчы Свабоды пікетаванне супраць парушэння сваіх правоў. Побач, у Палацы Рэспублікі, адначасова адбывалася навагодняе дабрачыннае свята „Нашы дзеці” з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Таму акцыя, у якой удзельнічала 10 пратэстоўцаў, прайшла ў шчыльным атачэнні супрацоўнікаў спецслужбаў і міліцыі, якіх было ў некалькі разоў болей. Аднак абышлося без затрыманняў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах юрыста Тамары Сяргей, напярэдадні яны меркавалі сустрэцца з кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Аляксандрам Касінцом, аднак у гэтым ім было адмоўлена.

 – Мы лічым, што гэта наўмысныя дзеянні кіраўніка Адміністрацыі. І мы прапанавалі кіраўніку Адміністрацыі, каб ён па ўласнай волі пакінуў пасаду, калі не хоча належным чынам выконваць свае абавязкі. Ён абавязаны нас прыняць, ён абавязаны нас выслухаць, ён абавязаны вырашаць нашыя праблемы. Мы неаднойчы звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта, але нас не заўважаюць.

Да прэзідэнцкіх выбараў – 11 кастрычніка 2015 году, па словах Тамары Сяргей, улады рабілі выгляд, што спрабуюць вырашыць праблемы грамадзянаў, якія скардзіліся на шматлікія адпіскі з дзяржаўных органаў. „Аднак выбары адбыліся, і ўсё гэта аказалася бутафорыяй – нас перасталі заўважаць. Ніхто і не думаў вырашаць нашыя праблемы і звяртаць на нас увагу. Мы ж не чыноўнікі, мы ж не прадстаўнікі сілавых структураў. Мы проста пенсіянеры. І значыць, па меркаванню сённяшніх уладаў, – ніхто. Але мы не спынімся ў сваёй барацьбе за справядлівасць,” – сказала Тамара Сяргей.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя