Судзілішча ў Гомелі



Штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі пакаралі ў Гомелі ўдзельнікаў „маршу недармаедаў”, які адбыўся ў абласным цэнтры 19 лютага. У залах суда Цэнтральнага раёна разглядаліся справы дзесяці грамадскіх актывістаў.

Праваабаронца і юрыст незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка гаворыць, што яму вельмі сорамна за сваю краіну.

Леанід Судаленка:

– Мне вельмі крыўдна за сваю краіну, у якой судзяць журналістаў, якія выконваюць свае прафесійныя абавязкі падчас гэтых акцыяў пратэсту. Вось паглядзіце, гэтыя маршы прайшлі мірна, але ўсё роўна журналістаў і актывістаў за гэта пераследуюць.

Суддзя Алеся Осіпава суда Цэнтральнага раёну аштрафавала Андрэя Макарава на 25 базавых велічыняў, а сябру камітэта па адмене дэкрэта №3 Уладзіміра Кацору асудзіла на 12 сутак. Суддзя Віктар Казачок пакараў штрафам у 25 базавых велічыняў сябра АГП Мікалая Пяшко, а праваабаронцу Анатоля Паплаўнага – 10 суткамі арышту. Блогер і сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак атрымаў адміністрацыйны арышт на 10 сутак завочна. Такі ж прысуд – 10 сутак арышту – атрымаў відэаблогер Зміцер Сабураў. Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў і прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні руху “Разам” Юры Глушакоў былі аштрафаваныя на адну базавую велічыню кожны. А юрыст незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка атрымаў папярэджанне.

Таксама у судзе Гомельскага раёну адбыўся суд над журналісткай-фрылансерам Ларысай Шчыраковай, якую суддзя Кавалевіч аштрафавала на 7 базавых велічыняў, ці 161 рубель.

Барыса Анікеева аштрафавалі на 25 базавых велічыняў.

***

Журналістку Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 7 базавых велічыняў за ўдзел у „Маршы недармаедаў” у Рагачове. Суддзя Кавалевіч суда Гомельскага раёна прызнала, што Шчыракова прымала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Журналістка сваю віну не прызнала. А судовае пасяджэнне назвала фарсам.

– Я проста ведала, што яна не будзе выходзіць у іншы пакой, прымаць рашэнне, думаць. Я была пераканана, што ў яе ўжо ўсё гатова. Я не лічу, што гэта судовае разбіральніцтва, я ўвогуле не давяраю беларускаму суду ў палітычных справах. Гэты чалавек, які мніць сябе суддзёй, проста зачытае пакаранне, якое ёй загадалі альбо з аддзела ідэалогіі, альбо з КДБ.

Акрамя Шчыраковай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці ў Рагачове абвінавачваецца старшыня Гомельскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гатоўчыц. Аднак Гатоўчыца пакуль у суд не выклікалі.

Суд над Ларысай Шчыраковай адмыслова зацягваўся, каб прысутныя не патрапілі на іншыя судовя разбіральніцтвы, якія адбываліся ў Гомелі 17 сакавіка. Пра гэта гаварылі грамадзяне, якія прыйшлі падтрымаць журнлістку. Пасяджэнне доўжылася дзве з паловай гадзіны. Суддзя Кавалевіч суда Гомельскага раёну праглядзела падчас пасяджэння жывыя трансляцыі, якія паказвалі незалежныя СМІ з „Марша недармаедаў” у Рагачове.

Праваабаронца Віктар Адзіночанка лічыць, што сапраўднага разгляду справы так і не адбылася.

– Больш за дзве гадзіны мы глядзелі відэазапісы, і самае цікавае, што Ларысы Шчыраковай там не было. Яна недзе мільганула адзін раз са штатывам, але ніякага доказу яе ўдзелу гэты відэаматэрыял не ўтрымлівае. Прысуд абсалютна нечаканы. То бок яна сядзела-сядзела, глядзела-глядзела. Потым раз – сем базавых.

Разгляд справы журналісткі Ларысы Шчыраковай адбываўся паралельна з судом над удзельнікамі „Маршу недармаедаў”, які праходзіў у Гомелі 19 лютага.

* * * 

Некалькі дзясяткаў гомельцаў прыйшлі падтрымаць актыўных удзельнікаў „Марша недармаедаў” пад сцены гомельскіх судоў. Людзі сабраліся, каб выказаць салідарнасць з апазіцыянерамі, якія выступілі супраць Дэкрэта „Аб дармаедстве”.

Гамяльчук Ігар лічыць, што прыспеў час, каб беларусы супольна пачалі абараняццца ад рэпрэсіўнай дзяржавы.

– Гэта мая грамадзянская пазіцыя. Па маім меркаванні, гэта людзі, якіх арыштавалі за праўду. Лічу, што іх трэба падтрымаць. Мы з сябрам перадалі Максіму прадукты. І яшчэ дапаможам, чым зможам. Гэта вельмі шчыра, людзям трэба дапамагчы.

Удзельнікі стыхійнай акцыі салідарнасці ў Гомелі трымалі ў руках аркушы паперы з прозвішчамі арыштаваных актывістаў, а таксама прынеслі прадуктовыя перадачкі для тых, каго ўжо адправілі на суткі.

* * *

У Гомелі масава судзяць апазіцыянераў. У дачыненні да кіраўнікоў абласных партыйных структур, блогераў і дэмакратычных актывістаў разглядаюцца адміністрацыйныя справы за ўдзел у несанкцыянаваным маршы недармаедаў. Працэсы праходзяць адначасова ў некалькіх гарадскіх раённых судах. Уладзімір Кацора, адзін з арганізатараў акцыі супраць Дэкрэту №3 у Гомелі, асуджаны на 12 сутак адміністрацыйнага арышту.

– Яны ведаюць, ды і я не хаваю, што з’яўляюся адным з арганізатараў мерапрыемства, якое прайшло 19-га лютага ў Гомелі. Я таксама з’яўляюся адным з заяўнікаў акцыі, якая рыхтуецца 25-га сакавіка. Заяўкі ўжо ляжаць у гарвыканкаме і аблвыканкаме. Таму, каб гэтае мерапрыемства не адбылося, або прайшло ў меншым фармаце, такіх як я будуць ізаляваць. Гэта адбываецца па ўсёй краіне, і я не выключэнне.

17 сакавіка ў гомельскіх судах разглядалася 11 адміністрацыйных справаў у дачыненні да актыўных удзельнікаў „марша недармаедаў”, журналістаў і блогераў.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель