Таццяна Караткевіч наведала Глыбокае



Таццяна Караткевіч, былы кандыдат у прэзідэнты, завітала ў Глыбокае. Яна сустрэлася з выбаршчыкамі і ўручыла ліст падзякі найбольш актыўнаму зборшчыку подпісаў. таксама распавяла пра парламенцкія выбары, якія маюць адбыцца ў Беларусі ў наступным годзе.

Па словах Таццяны Караткевіч, грамадзянская кампанія “Гавары праўду” праз сацыяльныя сеткі і яна асабіста па электроннай пошце атрымалі мноства лістоў ад выбаршчыкаў, якія прапаноўваюць сваю супрацу:

 — Мірныя перамены адбудуцца тады, калі на нашым баку будзе большасць людзей, якія іх падтрымліваюць. Наша мэта сёння — нарасціць гэтую падтрымку, размаўляць з людзьмі. Мы вось спынілі жанчыну, а яна кажа: а я не хадзіла на выбары, бо усё вырашаюць за нас. Дык, калі мы вось так будзем працягваць ігнараваць нашы праблемы і не думаць, як іх вырашаць, усё гэта будзе цягнуцца бясконца. Людзі сёння не проста размоваў хочуць, яны хочуць ведаць, чым яны могуць дапамагчы.

Сустрэча з глыбачанамі адбылася ў межах наведвання Віцебскай вобласці з мэтай падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў і сустрэчаў з будучымі прэтэндэнтамі ў кандыдаты ў дэпутаты. Акрамя Глыбокага экс-кандыдатка наведае Полацк і Наваполацк, дзе сустрэнецца з прадпрымальнікамі, а таксама  Ушачы.

Беларускае Радыё Рацыя