Таццяна Касатая: Гарадзенскія каталіцкія могілкі патрабуюць абароны



У Гародні невядомыя рабуюць старыя каталіцкія могілкі. З пахаванняў крадуць жалезныя элемэнты і надмагільныя пліты. Апошнім часам крадзяжы пачынаюць набываць маштабны характар – штотыдзень знікае па некалькі металічных элементаў з помнікаў і чугунныя ці стальныя агароджы. Звароты адказнага за могілкі святара да ўладаў не прыносяць плёну – чынавенства не мае намеру займацца гэтым пытаннем. Уратаваць каталіцкія могілкі спрабуюць і прадстаўнікі грамадскасці, якія маюць намер унесці іх у спіс помнікаў, якія павінна ахоўваць дзяржава. Але, як зазначае гісторык Таццяна Касатая, пакуль спробы не прынеслі плёну:

– Унясенне ў спіс – гэта толькі першы крок да іх аховы і да іх аднаўлення. Рада пры Міністэрстве культуры разглядала гэтую заяўку, пакуль афіцыйнага адказу няма, але з паседжання зразумела, што могілкі не будуць унесены. Адна з галоўных прычын – вельмі вялікі абшар, тут больш за 8 гектараў, ахоўваць цяжка. Паведамілі аб тым, што не ўсе надмагільныя пліты маюць мастацкую і гістарычную каштоўнасць.

Старыя каталіцкія могілкі ў Гародні вядомыя з канца васемнаццатага стагоддзя. Многія надмагільныя помнікі з’яўляюцца ўнікальнымі па сваёй мастацкай каштоўнасці. Аб’ект часта наведваюць польскія турысты, для якіх некропаль уяўляе гістарычную каштоўнасць.

Беларускае Радыё Рацыя