Тэрарыста „Гіві” западозрылі ў жаданні збегчы з ДНР



Кіраўнік Саюза дэсантнікаў Прыднястроўя Валерый Гратаў заявіў, што камандзір батальёна апалчэння самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі (ДНР) Міхаіл Талстых, вядомы пад пазыўным Гіві, рыхтуецца пакінуць так званую рэспубліку. Пра гэта Гратаў напісаў у панядзелак, 24 кастрычніка, на сваёй старонцы ў Facebook.

Гіві

„Мае хлопцы з ПМР (непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі) паведамілі дзіўную для мяне навіну – камандзір „Самалі” Міша Талстых вывез сваю дзяўчыну ў Прыднястроўе, а сам спешна прадае свае чатыры кватэры і гаражы ў Данецку і ​​Макееўцы”, – распавёў кіраўнік Саюза дэсантнікаў.

Гратаў таксама адзначыў, што ён не верыць у супрацьстаянне паміж Талстых і кіраўніком ДНР Аляксандрам Захарчанка. „Упэўнены, што ніякіх канфліктаў няма. (…) Гэта што атрымліваецца, баявы камандзір спалохаўся нейкіх украдрг (украінскіх дыверсійна-разведвальных груп) і кідае сваіх пацаноў у цяжкі час, калі вораг точыць зубы на Наваросію!”, – адзначыў ён.

Тыднем раней Талстых паабяцаў зраўняць з зямлёй гарады ва Украіне ў адплату за гібель свайго баявога таварыша Арсенія Паўлава (пазыўны „Матарола”). Паўлаў загінуў у нядзелю, 16 кастрычніка, у выніку выбуху ў ліфце жылога дома ў Данецку. У якасці выбухоўкі быў выкарыстаны пластыд. Сама прылада была замацавана на тросе і прыведзена ў дзеянне пры дапамозе дыстанцыйнага пульта кіравання.

У красавіку паведамлялася пра спробу замаху на Талстых, па маршруце руху аўтамабіля камандзіра апалчэння спрацавала выбуховае прыстасаванне.

Міхаіл Талстых з’яўляецца камандзірам батальёна „Самалі”, які ўваходзіць у склад узброеных сіл ДНР. Падраздзяленне ўдзельнічала ў баях пад Славянскім ды Ілавайскам, а таксама ў раёне данецкага аэрапорта.

lenta.ru