Трэцяя спроба рэгістрацыі «Спадчыны»



З трэцяй спробы жыхары Гарадзеншчыны намагаюцца зарэгістраваць грамадскую культурна-асветніцкую арганізацыю «Спадчына».

Калі два папярэднія разы гэта былі спробы зарэгістраваць Бярозаўскую гарадскую, а затым Лідскую раённую арганізацыю, то цяпер гэта ўжо абласная грамадская арганізацыя, сузаснавальнікамі якой з’яўляюцца жыхары розных рэгіёнаў Гарадзеншчыны.

Па словах аднаго з сузаснавальнікаў арганізацыі Сяргея Трафімчыка, мэта яе дзейнасці — захаванне і пашырэнне культурных традыцый нашых продкаў:

— Назва таму і абраная «Спадчына», каб захоўвалася наша мова, набыткі нашых продкаў, культурныя традыцыі. Мы лічым, што гэта важна і ў гэтым накірунку ў нас ёсць шмат ідэяў і шмат напрацовак.

Гарадзенскі абласны суд адмовіў пазоўнікам у рэгістрацыі грамадскай арганізацыі «Спадчына». У сваю чаргу, яны сабралі ўсе неабходныя дакументы і падалі скаргу ў вышэйстаячую інстанцыю – Вярхоўны суд.

Беларускае Радыё Рацыя