Ці бачылі ў пасёлку Шчасце польскіх добраахвотнікаў?



Расейскія тэлевізійныя каналы, а таксама рэсурсы непрызнаных ЛНР і ДНР рэгулярна паведамляюць пра польскіх наёмнікаў, якія нібыта ваююць у Антытэрарыстычнай аперацыі на баку Украіны. Пракрамлёўскі прапагандысцкі рэсурс Regnum нават называе месца дыслакацыі польскіх вайскоўцаў – пасёлак Шчасце, што на мяжы з пазіцыямі непрызнанай ЛНР.

Ці бачылі ў пасёлку Шчасце ці наваколлі нейкіх польскіх наёмнікаў? Сведчаць жыхары пасёлка:

– Адкуль яны тут. Пішуць, што і негры, і каго толькі тут няма. Насамрэч ваююць тут узброеныя сілы Украіны.

– Не бачыў нічога. Не ведаю, не магу сказаць. Бачу, што толькі узброеныя сілы Украіны і батальёны. У нас тут ад самага пачатку былі ўзроеныя сілы, і батальён “Айбар” быў.

Інфармацыя пра міфічных польскіх наёмнікаў рэгулярна з’яўляецца на расейскіх інфармацыйных рэсурсах ад весны 2014 года. Пры гэтым пакуль не зафіксавана ніводнага сведчання прысутнасці польскіх вайскоўцаў у зоне Антытэрарыстычнай аперацыі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя