Ці будзе заўзятар падаваць у суд на Давыдзьку?



Футбольны заўзятар Андрэй Валькоўскі кажа, што ў яго яшчэ не знікла жаданне падаць у суд за абразу на кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

Нагадаем, у адным з выпускаў праграмы “Клуб рэдактараў” абмяркоўваўся футбольны матч зборных Украіны і Беларусі і паводзіны падчас яго беларускіх і ўкраінскіх заўзятараў. Генадзя Давыдзьку абурылі “антырасейскія крычалкі”, якія гучалі падчас матчу, і тое, што беларускія заўзятары ахвотна іх падтрымлівалі. “Чаму нашу краіну на трыбунах у суседняй краіне прадстаўляюць юныя нацысты?” – абураўся кіраўнік БТ.

Пасля гэтага адзін з заўзятараў зборнай Беларусі па футболе апублікаваў у “Нашай ніве” адкрыты ліст кіраўніку БТ з нагоды гэтага яго выказвання. Андрэй Валькоўскі запатрабаваў у сваім лісце, каб Генадзь Давыдзька прадставіў доказы свайму абвінавачванню.

“Паважаны спадар Давыдзька, патлумачце, калі ласка, на якой падставе і на якіх фактах Вы гуртам публічна назвалі беларускіх заўзятараў у Львове нацыстамі? – напісаў заўзятар. – Са свайго боку станоўча патрабую прынесці публічныя прабачэнні беларускім аматарам футбола, якія 5 верасня 2015 года прысутнічалі на адборачным матчы Еўра-2016 паміж зборнымі Украіны і Беларусі ў Львове — за Вашы несправядлівыя і абразлівыя абвінавачанні. У іншым выпадку Вы не пакінеце мне выбару і поля манеўру, і я буду вымушаны ўзяць на сябе ролю арганізатара масавых пазоваў у абароне годнасці ў рамках беларускай судовай сістэмы.

Трэба адзначыць, што сам Давыдзька пасля гэтага заявіў, што назваў нацыстамі заўзятараў «згарача».

«Пра гэтых фанатаў, заўзятараў футбольных мне непрыемна, што там непаразуменні ёсць. Нібыта пакрыўдзіліся на мяне, што я назваў іх нацыстамі… Ну, гэта я «згарача», бадай што і прабачэння трэба будзе папрасіць», – сказаў ён у эфіры Еўрарадыё.

Ці не перадумаў заўзятар падаваць у суд?

Андрэй Валькоўскі: Не перадумаў, але раней не зрабіў гэта па розных абставінах, якія паўплывалі на маё рашэнне. У тым ліку, не хацелася рабіць розгалас падчас выбараў, якія я ігнараваў.

РР: Зараз Давыдзька кажа, што назваў заўзятараў нацыстамі “згарача”. Не выключана, што папросіць і прабачэнне…

Андрэй Валькоўскі: Некаторыя знаёмыя мне казалі, што ўжо гэта невялікая перамога, бо такія, як Давыдзька, не вельмі хочуць прызнаваць свае памылкі. Максімум на што разлічвалі – на адсутнасць рэакцыі наогул. Але з іскам я ўсё-такі хачу паспрабаваць, хоць ведаю, што шанцаў нешта выйграць мала. Адна справа – адкрыты ліст надрукаваць, які прымушае чалавека публічна адрэагаваць, і зусім іншае – судовы працэс у нашай “прававой” дзяржаве.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя