Ці патрэбныя Беларусі спартыўныя забавы?



Эканаміст Леанід Заіка распавёў пра эканамічную немэтазгоднасць правядзення ў краіне Еўрапейскіх гульняў.

Як вядома, другія Еўрапейскія спартыўныя гульні пройдуць у 2019 годзе ў Беларусі. Першыя прайшлі ў Азербайджане, і па некаторых ацэнках, калі скласці сродкі, заяўленыя ў бюджэтных выдатках на гульні за тры гады, то сума выдаткаў перавысіла 5 млрд. даляраў.

Тым часам, у беларускіх спартыўных чыноўнікаў настроі з гэтай нагоды даволі аптымістычныя.

«У мінус мы дакладна не выйдзем, — заявіў на АНТ памочнік прэзідэнта па справах фізкультуры і спорту Максім Рыжанкоў. – Нават тыя фінансавыя выдаткі, якія мы панясем, яны ўсё роўна застануцца ў краіне. Другую частку выдаткаў (гэта па пералёту) гатовы ўзяць на сябе еўрапейскія алімпійскія камітэты. Нам дазволілі выкарыстаць для алімпійскай вёскі студэнцкі гарадок. Хіба гэта будзе дрэнна для нашых студэнтаў? Яны атрымаюць пасля гульняў абноўлены гарадок».

Леанід Заіка: Я не думаю, што гэтыя Гульні – нейкая надзвычай важная і неабходная падзея для краіны. Да таго ж, вельмі асцярожна стаўлюся да тых чыноўнікаў, якія ўжо сёння заяўляюць, што стратаў пры гэтым для бюджэту як мінімум не будзе. Я, напрыклад, не ведаю такога эканаміста, як Рыжанкоў, хаця ён, аказваецца, ужо ўсё падлічыў. Але, як правіла, усе такога кшталту мерапрыемствы праходзяць з негатыўным фінансавым вынікам, а краіны, якія праводзяць такія спаборніцтвы, звычайна хаваюць сапраўдную інфармацыю, колькі стратаў было пры выдаткоўванні грошай на будаўніцтва, ахову, транспарт і гэтак далей. Акрамя таго, такія мерапрыемствы дадаюць яшчэ шмат нязручнасці і для саміх беларусаў, бо нярэдка перакрываюць дарогі, уводзяць нейкія абмежаванні. Усе выдаткі ўвогуле цяжка падлічыць, і гэтыя выдаткі не малыя. Тым больш, з 2014 году УВП Беларусі стаў на 30 мільярдаў меншы. Таму я не бачу асаблівай радасці, калі пры падзенні нашых УВП і вытворчасці, на бюджэт будзе ўскладзены дадатковы цяжар.

РР: Кажуць, што Азербайджан на правядзенне такіх жа Еўрапейскіх гульняў выдаткаваў агулам каля 5 мільярдаў даляраў, а нашы спартыўныя чыноўнікі ледзь не пра прыбытак думаюць…

Леанід Заіка: Паўтаруся, спартыўныя чыноўнікі – не эканамісты, гэта не група вучоных, якія б селі і ўсё падлічылі. Ім жа трэба нешта казаць, каб падтрымаць ініцыятыву, якую ў сваю чаргу падтрымаў Лукашэнка. Але я не працую памочнікам прэзідэнта, а таму гатовы падлічыць усе выдаткі і прыбыткі ад Еўрапейскіх гульняў за мільён даляраў. Калі ім гэта патрэбна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя