Ці паўторацца 1 траўня рэпрэсіі?



Намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Меляшкевіч прагназуе, якім чынам могуць дзейнічаць улады напярэдадні і падчас акцый 1 траўня.

Нагадаем, што 1 траўня ў Менску пройдзе Марш салідарнасці ў падтрымку ўсіх рэпрэсаваных. У гэты ж дзень, але ў іншым месцы ладзіць акцыі і Мікалай Статкевіч. Ці магчыма паўтарэнне сцэнару 25 сакавіка, калі падчас святкавання Дня волі пад рэпрэсіі патрапілі сотні людзей?

Юрась Меляшкевіч: Натуральна, што ў такой сітуацыі было б лепш, каб арганізатары акцый прынялі адзін, але ўзважаны сцэнар правядзення мерапрыемства. Але маем тое, што маем. І ў любым выпадку, пры любых абставінах ніхто не ведае, як будуць сябе паводзіць улады. Таму не выключаю, што можа паўтарыцца і сцэнар 25 сакавіка, хаця гэта менш верагодна. Усё-такі тады вырашылі, напэўна, што называецца, адзін раз паказаць сілу. Ці захочуць паказваць другі раз? Вялікае пытанне.

РР: Магчыма, ізноў напярэдадні акцыі прэвентыўна затрымаюць усіх лідараў апазіцыі?

Юрась Меляшкевіч: І гэта таксама выключаць нельга. Але ж нам невядома, што гэтым разам распрацоўваюць праўладныя рэжысёры, і які загад будзе аддадзены сілавікам. Тут яшчэ трэба разумець, што зараз пратэстныя настроі схлынулі, яны ўжо не такія, як былі ў лютым-сакавіку, а таму не выключаю, што дзеянні сілавікоў не будуць вельмі жорсткімі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя