Ці пойдуць улады на дыялог з праваабаронцамі?



Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак распавёў пра тое, ці пойдуць улады на дыялог з недзяржаўнымі арганізацыямі па сітуацыі з правамі чалавека.

Беларускія праваабаронцы лічаць, што прыняты Міжведамасны план можа стаць эфектыўным інструментам паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, аднак яго неабходна дапрацаваць яго, зыходзячы з прапаноў беларускіх праваабарончых арганізацый, а таксама рэкамендацый дагаворных органаў ААН, якія будуць адрасаваныя Рэспубліцы Беларусь у бліжэйшы час Камітэтам па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, Камітэтам супраць катаванняў і Камітэтам па правах чалавека.

Алег Гулак: Мяркую, што прыняты план – добрая справа, але, каб ад яго быў эфект, трэба дапрацаваць дакумент у патрэбным кірунку. І вельмі важнае пытанне фармата дапрацоўкі, бо рабіць гэта трэба ва ўзаемадзеянні з грамадзянскай супольнасцю, праваабаронцамі. Акрамя таго, трэба быць гатовым да таго, што могуць з’яўляцца моманты, якія могуць дадавацца. Кожны год з’яўляюцца нейкія новыя дапаўненні. 

РР: На ваш погляд, ці гатовы ўлады да дыялогу з тымі ж праваабаронцамі?

Алег Гулаг: Відавочна, што гэтай гатоўнасці стала значна больш, чым раней. Гэта бачна хаця з таго, што такі план наогул быў прыняты. Пры ўсім тым, што ён напісаны даволі агульнымі словамі, там гучаць правільныя пасылы. Безумоўна, сказаць і зрабіць – розныя рэчы, на практыцы сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца ў ва многім на ранейшым узроўні. Але вектар вызначаны, і мы прапаноўваем на яго арыентавацца. А наколькі далёка ўлады пойдуць? Спадзяюся, што няхай спачатку яны зробяць першыя крокі, а затым ужо будзем казаць і пра наступныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org