Ці працягнецца ціск на журналістаў?



Палітолаг Валер Карбалевіч распавядае пра тое, чаму незалежныя СМІ сталі небяспечнымі для ўладаў, а таксама пра магчымую рэакцыю на сітуацыю з боку Еўразвязу.

З 10 сакавіка ў Беларусі было зафіксавана 28 затрыманняў журналістаў, і з гэтай нагоды Беларуская асацыяцыя журналістаў ужо зрабіла адмысловую заяву.

Тым часам, стала вядома, што днямі Міністэрства інфармацыі вынесла два папярэджанні ў адзін дзень – “Нашай Ніве” і Інтэрнэт-выданню Tut.by.

Валер Карбалевіч: Найперш трэба сказаць, што ўлады ўбачылі ў журналістах пагрозу, таму што онлайн-рэпартажы з акцый пратэсту глядзіць вялізная колькасць людзей. Па некаторых ацэнках, відэапрагляды б’юць усе ранейшыя рэкорды. Тое, што пратэстоўцы выходзяць на вуліцы, – гэта невялікая частка пратэстнага айсберга. Асноўная ж даведваецца пра сітуацыю праз тыя ж онлайн-трансляцыі, і гэта выклікае палітызацыю грамадства, спачуванне людзям, якія выступаюць супраць дзеянняў уладаў, і рэзананс. Улады бачаць, што журналісты ствараюць акцыям піяр, а таму і б’юць па некатрых медыя-структурах. Але немагчыма спрагназаваць, якім чынам будуць дзейнічаць у адносінах да прадстаўнікоў СМІ падчас акцыі 25 сакавіка. Тут усё залежыць ад таго, які будзе загад.

РР: Але навошта ўладам дадатковы негатыўны піяр, які тыя атрымліваюць пасля затрыманняў журналістаў, судоў над імі? 

Валер Карбалевіч: Рэзананс ідзе ў асноўным сярод сродкаў масавай інфармацыі, на ўзроўні праваабарончых структур. І гэта ўлады не вельмі хвалюе. Для іх галоўнае, каб інфармацыю пра акцыі не ўбачылі большасць абывацеляў. Тут спрацоўвае больш важкі аргумент.

РР: Між тым, ёсць міжнародныя назіральнікі, пра рэпрэсіі ужо вядома еўрачыноўнікам, якія, напэўна, таксма мусяць нейкім чынам рэагаваць на сітуацыю…

Валер Карбалевіч: Можна заўважыць адно дзіўнае супадзенне. Падчас найбольш масавых рэпрэсій у краіне ў Менск прыязджала найбольшая колькасць еўрапейскіх дэлегацый, каб сустрэцца з Лукашэнкам. Завітаў бельгійскі міністр замежных спраў, кіраўнік ПА АБСЕ, дэлегацыя Міжнароднага валютнага фонда, якая абмяркоўвала крэдыт для краіны… Таму, калі еўрачыноўнікі не звяртаюць увагу на нейкія кропкавыя рэпрэсіі, то і праблемы няма. Сёння ў Захада крыху іншыя пазіцыі адносна Беларусі. Ён кіруецца геапалітычнымі матывамі, а не нейкімі дэмакратычнымі каштоўнасцямі. Суадносна, праблема правоў чалавека і дэмакратыі адыходзіць крыху ўбок, а беларуская ўлада бачыць гэта і робіць тое, што лічыць неабходным.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя