Ці прыцягнуць да адказнасці вінаватых у смерці школьніцы?



Працягваюцца спробы прыцягнуць да адказнасці вінаватых у смерці 13-гадовай школьніцы з Маладзечна, якую задавіў грузавік на сельскагаспадарчых працах.

bez-nazvaniya

Як паведаміў намеснік старшыні Беларускай канфедэрацыі незалежных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч, пакуль звароты ў дзяржаўныя органы поспехаў не прынеслі:

– Генеральная пракуратура паведаміла, што мы не ўказалі канкрэтна асобаў, якіх трэба прыцягваць да крымінальнай адказнасці. Вось мы ўдакладнілі і накіравалі яшчэ раз. Мы перакананыя, што гэта прымусовая праца, тым больш, што дзяўчынка была непаўнагадовая. Магчыма заключэнне працоўнай дамовы толькі з 14-ці гадоў, ёй было 13-ць гадоў, таму натуральна, што павінны несці адказнасць дырэктар школы, аддзел адукацыі, кіраўнікі гэтага сельскагаспадарчага прадпрыемства і кіраўнікі райвыканкамаў, якія выдавалі такія загады, каб гэтых дзяцей прыцягвалі да работ.  

Трагедыя адбылася ў Маладзечанскім раёне, калі школьнікі збіралі бульбу на полі саўгаса „Усход-Арго”. Грузавік МАЗ  наехаў на 13-гадовую дзяўчынку, навучэнку 8 класа школы №11 горада Маладзечна.

Мяркуюць, што яна мела праблемы са слыхам і не пачула, як сігналіў кіроўца. Інспекцыя працы адмовіла ў правядзенні спецрасследаванняў, пра якія прасіў бацька загінулай Вікторыі. Сям’я школьніцы патрабуе прызнаць няшчасны выпадак вытворчым і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Беларускае Радыё Рацыя