Ці стане пасёлак МОФ Будзімірам?



З геаграфічнай ды адміністрацыйнай мапаў прыгарадаў сталіцы знікла паселішча, што ў некалькіх км ад Магілёўскай шашы было збудавана ў 1964-м мінулага веку і мела назву МОФ. Акурат паводле пачатковых літар Менскай фабрыкі гародніны, для працаўнікоў якой яно і было пабудаванае. Але “навучаныя мысліць дзёрзка” чыноўнікі з Навадворскага сельсавета Менскага раёна дадумаліся зняць адзіны дарожны ўказальнік і “прыпісаць”, да прыкладу, вуліцу Фабрычную вёсцы Сціклева. А паштовыя паслугі для жыхароў МОФа ў аддзяленне пасёлка Трасцянец. Дагэтуль жыхары пасёлка падавалі наглядную скаргу ў абласны суд наконт адмены рашэння суда Менскага раёна. Дзяржаб’яднанне “Мінскэнэрга”, спасылаючыся на недахоп сродкаў, адмаўлялася правесці рамонт і адвесці лініі ЛЭП, што праходзяць праз гароды і ля хат. Электралініі не рамантаваліся з таго ж 1964 года, аж да таго, што слупы з аголенымі дратамі ляжалі прама на зямлі, пагражаючы жыццю. Таму арганізатарка мясцовага супраціву, вядомая ў мінулым жэньшэневод Ірына Віяленцій напачатку з годнасцю паказала свежанькія бетонныя слупы – маўляў, першая перамогу пасля год змагання. Але адразу ж і спахмурнела – далёка не адзіная праблема. Дарэчы, 2 км ад бліжэйшага аўтобуснага прыпынку ішоў паўгадзіны, каб не спатыкнуцца – бо па “лядовай” сцяжыне, што ўздоўж двух завадскіх платоў, з перакручаным дротам наверсе.

“Усё змяшалася ў доме Аблонскіх” – цытуе напачатку Ірына Канстанцінаўна класіка.

Ірына Віяленцій: У мяне і цяпер прапіска – МАФ, дом 14. І ў піўзавода, што насупраць “прыпісаны” да вёскі Сціклева, што ў 2 км, таксама і вуліца Фабрычная і дом 14. Хуткую ідзём сустракаць аж на кальцо – навігатар не паказвае нават як да каго дабрацца.

Сустракаемся з цэлай плеядай Дуброўскіх – пажылой Соф’яй Кліменцьеўнай, дачкой Ірынай з мілай сабачкай. Падыходзіць і старэйшая Святлана, пачуўшы “тэму”.

Святлана Дуброўская: А ўзімку і вулічны тратуар не чысцяць. З паліклінікі ішла – 3 разы ўскараскалася ледзь на снег, вымазалася… У нас увечары слупы не гараць, так што незалежна ад узросту, зараз  сустракаем адно аднаго. Пры чым, як шахцёры ў шахце, прывязаўшы да галавы ліхтарыкі… Мы сталі жыць у рэзервацыі, акружанай платамі з 4 бакоў – прамысловасць нас задушыла. Тое, што мы тут ёсць, ніхто не думае. Мне б хацелася пад’ехаць да сваёй хаты бліжэй, асабліва калі ноччу вяртацца. Пра краму і не марым. Хаця б сметніца стаяла!..  Ва ўсіх вёсках і пасёлках знаходзіцца шапік, дзе можна купіць тую ж ваду, цыгарэту. А ў нас за 2 км! А калі старыя людзі не могуць дайсці, кульгаюць?! Вялікія грузавікі ходзяць, разбіваюць дарогу, аж на ровары не праехаць – яміна на яміне.

Спыняю на дарозе 32-гадовага Віталя Ласко:

Віталь Ласко: Тут засталіся пенсіянеры – захоча напісаць ліст, канверту няма дзе купіць. А ўжо па хлеб у краму!..  Ані да пошты, ані да аптэкі, ані да крамы не дабрацца. І да тае паліклінікі, як хочаш. Дык зараз дамагліся абслугоўвання ў 17 менскай паліклініцы… за грошы! На кожны прыём да тэрапеўта вымушаныя заключаць камерцыйную дамову, як іншагароднія ці іншаземцы. Мы ў канцлагеры знаходзімся! Розніца толькі ў тым, што зэкі па заканчэнні тэрміна могуць выйсці, а мы пажыццёва закаваныя!

Падсумоўвае ўсё тая ж спадарыня Віяленцій.

Ірына Віяленцій: Такім чынам, галоўныя праблемы. У МОФе было 2 звязаныя вуліцы і цяпер ля фабрыкі пабудаваныя 6 шматкватэрных дамоў. Дык адзін дом – пасёлак МОФ, суседні – вёска Вялікі Трасцянец,  інтэрнат адносіўся да “11 км” па Магілёўскай шашы! А яшчэ адзін дом – палова ў вялікім Трасцянцы, палова – у МОФе. Мая дачка цяжка захварэла, выклікалі „хуткую дапамогу” – цэлую гадзіну не магла знайсці! Імя трэба пасёлку даць! Дык хадзілі ў гарадскую тапанімічную камісію. Параілі стараславянскае імя, што нідзе не паўтаралася – БУДЗІМІР. А калі раптам далучаць да Менску – будзе вуліца Будзіміраўская! І – каналізацыя, якую хоча спіхнуць фабрыка на горад альбо які сельсавет. А яна таксама не рамантаваная і ў ямінах, куды ў любы момант могуць уваліцца дзеці.  Збіраемся пісаць пісьмо на фабрыку. Неяк жа трэба дабівацца!

Жыхары пасёлка ў адстойванні сваіх правоў гатовы дайсці аж да Вярхоўнага суда. Аднак каму і навошта патрэбная ўлада, што нават не апускаецца да вырашэння надзённых праблем людства?! Міжсобку кажуць жыхары былога пасёлка МОФ, дзе пражывае да 800 чалавек.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара