Ці створыць малы памежны рух чэргі?



Для адкрыцьця памежнага руху патрэбныя грошы. Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Леанід Мальцаў заявіў: «Калі  адкрыем зараз памежны рух з Польшчай і Літвой, то ўтворацца вялізныя чэргі. Атрымаецца, што мы проста абдурым людзей». Адсутнасцю інфраструктуры на памежных пераходах тлумачыць ён той факт, што дамова аб малым памежным руху не ўступіла ў сілу паміж Беларуссю, Літвой ды Польшчай.

Старшыня „Беларускага дома ў Варшаве” Алесь Зарэмбюк  у сваю чаргу лічыць гэта нежаданнем беларускіх уладаў.

– Нішто не перашкаджала Лукашэнку падпісаць гэтую дамову ў 2012 годзе. Таму што тады былі іншыя палітычныя рэаліі. Атрымліваецца, што тады ўсё было гатова для ўвядзення малога  памежнага руху, і інфраструктура не была патрэбная. А зараз чамусьці гэта перашкаджае. Таму гэта звычайныя адгаворкі. На самой справе за гэтым няма палітычнай волі.

Як адзначыў  старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Леанід Мальцаў, для таго каб ажыццяўляць малы памежны рух, трэба  мадэрнізаваць памежныя пункты пропуску, стварыць інфраструктуру, абсталяваць пешаходныя кірункі, павялічыць штат памежнікаў, некаторым з іх надаць статус міжнародных», – сказаў Леанід Мальцаў. Паводле яго слоў, упарадкаванне аднаго пункта пропуску абыйдзецца ў 30-50 мільярдаў рублёў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сайта freesmi.by