Ці ведаюць пра Дзень Святога Губерта?



У Гародні напрацягу гэтага тыдня адбываецца святкаванне неафіцыйнага дня гораду – Дня Святога Губерта. Свята звязана ў першую чаргу з сімвалам гораду – гербам, на якім выява аленя Святога Губерта. Некалькі год таму нават гарадзенскія ўлады пышна святкавалі гэты дзень, адбываліся канцэрты, рыцарскія двубоі. Зараз святкаванне адбываецца толькі дзякуючы грамадзянскай супольнасці.

Ці ведаюць жыхары Гародні пра гэта свята? Журналіст Беларускага Радыё Рацыя зрабіў апытанне на вуліцах гораду.

Для мяне Дзень Святога Губерта – гэта гістарычны Дзень горада Гародні.

– Гэта якісьці святы, ён вельмі шмат зрабіў для гэтай краіны, пакінуў след у гісторыі, і таму гэты дзень святкуецца ў наш час.

– Для мяне Дзень Святога Губерта – гэта гістарычнае свята, у першую чаргу для горада, таму што, калі я не памыляюся, у гэты дзень было нададзена Магдэбурскае права нашаму гораду. Ясная справа, што адразу і надаваўся і герб. То бок я лічу, што дзень Святога Губерта – гэта пачатак дэмакратычнай Гародні.

– Я не ведаю, што ёсць такі дзень.

– На колькі я разумею, калі ў нас на гербе алень Святога Губерта, то Святы Губерт – гэта як бы заступнік Гародні. Што ёсць такое свята, па-праўдзе, я не ведаю. Але калі ёсць такі заступнік, то трэба яго неяк ушаноўваць.

Мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму дню ў Гародні будуць працягвацца. Увечары 4 лістапада гарадзенцаў чакае выступ Змітра Вайцюшкевіча, а ў выходныя адбудзецца навуковая канферэнцыя “Гарадзенскі палімпсест” і ўручэнне прэміі імя Ядкоўскага найлепшаму гарадзенскаму гісторыку года.

Беларускае Радыё Рацыя