Ці выйдуць людзі на чарговы «марш недармаедаў» у Бабруйску?



«Не маем права ўзгадніць правядзення пікету», — такі адказ на заяўку аб правядзенні пікета супраць Дэкрэта № 3 атрымалі прафсаюзныя актывісты ў Бабруйску. Заяўнікі прасілі дазволіць правесці пікет у бліжэйшую нядзелю,12 сакавіка, з 12 да 14 гадзіны.

«Нягледзячы на неадназначны адказ я лічу, што бабруйчане выйдуць на чарговую акцыю»,— адзначае ў гутарцы са Змітром Косціным старшыня гарадской арганізацыі прафсаюза РЭП Галіна Смірнова:

— Мы вельмі шмат збіралі подпісаў, вельмі доўга нашы актывісты нават у найбольш марозныя дні стаялі як алавяныя жаўнерыкі і сабралі вельмі шмат подпісаў. На сённяшні дзень каля  тысяч. Я не ведаю, як у іншых гарадах, напэўна і там сітуацыя не лепшая за нашу, але на сённяшні дзень у нас вельмі цяжка з працай. Людзі не могуць уладкавацца і губляюць працу і проста з канцамі. Прыходзіцца з’язджаць кудысьці па-за межы краіны, а гэтага абсалютна не хочуць іх сем’і. Плюс гэты збор подпісаў падштурхнуў, бо гэта таксама своеасаблівая «рэклама», на ват не тое што рэклама, а нейкі штуршок да дзеяння, да роздуму. У самым пачатку збору подпісаў, міліцыя ў мяне адабрала подпісы і мяне затрымалі, што відаць таксама было рэкламай. Людзі шмат абураліся. У мяне самой за ноч было 2,5 тысяча лайкаў на артыкул пра тое, што мяне затрымалі.

РР: На папярэдняй сустрэчы казалі пра тое, што 12 сакавіка таксама запрашаюць людзей сустрэцца. Як вы думаеце, ці пасля тых фільмаў, што выйшлі, гэтай спробы запужаць людзе, ці пабаяцца людзі ці ім ужо няма чаго губляць?

— Па-шчырасці, я і сама не глядзела гэтых фільмаў, таму не ведаю, што там паказвалі. Я проста не гляджу БТ і не раю сваім сябрам гэтага рабіць, бо гэта толькі атручвае мазгі. Няхай яны лепш неяк арыентуюцца самі, слухаюць сябе і неяк такім вось чынам прымаюць рашэнне. Людзі цяпер таксама не дурныя і выдатна разумеюць, што ўлады цяпер робяць усё, каб стварыць нейкую паніку, спалох. Насамрэч, цяпер ужо самім уладам страшна больш чым нашым грамадзянам. 

РР: Прадстаўнік Палаты Прадстаўнікоў Пірштук сустракаўся з Андрэем Дзмітрыевым і нібы маюць уносіцца нейкія змены ў гэты Дэкрэт. Як вы думаеце, ці тых людзей, што абураныя гэтым Дэкрэтам задаволіць проста змена яго?

— У нас у горадзе рашэнне нашых грамадзян, і гэта не толькі маё рашэнне і маіх сяброў, але агулам грамадзян — стаяць да канца  да поўнай адмены Дэкрэта. Ні пра якія саступкі і дапрацоўкі нават гаворкі быць не можа. Нельга аднаго чалавека паставіць у лепшыя ўмовы, каб у аднаго была найгоршая сітуацыя а ў другога —  больш-менш. Нельга так дзяліць людзей, праблема адна і людзі ў аднолькавых умовах і кожнаму здаецца, што ягоная праблема — найбольшая. Таму толькі за поўную адмену Дэкрэта, ніякіх дапрацовак і ніякіх перасмотраў дасмотраў і гэтак далей.

РР: Як вы мяркуеце, выйдуць людзі ў гэтую нядзелю?

 — Выйдуць. Я дзе ні бываю ўсюды размаўляю з людзьмі пра марш. Пытаю, ці ведаюць яны пра марш. Людзі ведаюць, яны адказваюць: так, мы ведаем. Я пытаю: ці выйдзеце вы? — Выйдзем. Таму я ўпэўненая, што людзі выйдуць.  

Напярэдадні ў эфіры беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў былі паказаныя фільмы, паводле якіх, нібыта пратэсты супраць дэкрэта аб «дармаедстве» могуць «прывесці да Майдана». Ужо некалькі тыдняў у шэрагу беларускіх гарадоў праводзіліся пратэсты супраць Дэкрэта №3.

Бліжэйшыя акцыі маюць адбыцца 10 сакавіка ў Маладзечне, 11 сакавіка ў Пінску, 12 — у Бабруйску, Оршы і Рагачове.

Беларускае Радыё Рацыя