Ці закончылася лібералізацыя?



“Ніякай палітычнай адлігі і не было”, – лічыць кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Рэспубліканскага грамадскага асветніцкага аб’яднання “Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю” Анатоль Ляўковіч.

У краіне працягваюцца масавыя рэпрэсіі, а эксперты задаюцца пытаннем: “Ці закончылася ўжо лібералізацыя?”

Анатоль Ляўковіч: Як сацыяліст, я ўвогуле не разумею слова “лібералізацыя”. Але, калі мець на ўвазе дэмакратызацыю грамадства, якая быцца бы адбывалася ў апошні час, то сур’ёзна гэты працэс і не пачынаўся. Ніякай палітычнай адлігі не было. Проста мы бачылі нейкія палітычныя крокі, якія рабіліся пад нейкія канкрэтныя задачы і вырашэнне пэўных праблем, якія паўставалі на той час. Вось і ўся “лібералізацыя”. А рэальны палітычны працэс у краіне не пачынаўся. Так што не трэба тут мець ілюзій, што ўчора мы ішлі да дэмакратызацыі, а сёння рух спыніўся і нават пачаўся ў зваротны бок. Ніхто нікуды не ішоў. Няўжо наяўнасць дзвух прадстаўніц з дэмакратычнага лагеру ў парламенце можна назваць дэмакратызацыяй?

РР: Як вы ацэньваеце тыя пратэсты, што зараз праходзяць па краіне?

Анатоль Ляўковіч: Найперш хачу сказаць, што ўладзе трэба вельмі далікатна ставіцца да народа. Зараз яны закранулі самую балючую народную кропку – сацыяльную. Людзі выжывалі хто як мог, а іх узялі за ногі, падвесілі ўніз галавой і трасуць. Каму спадабаецца такая сітуацыя? Гэта поўная дурасць! Калі б эканоміка была на пад’ёме, то яшчэ можна было б праводзіць гэтую, як кажуць, філасофію справядлівасці. Але ж сёння рубанулі па ўсіх агулам – і па тых, хто насамрэч сядзіць на шыі родных і дзяржавы, і па сапраўды працавітых людзей, якіх залічылі ў дармаеды. Таму я не разумею палітычнае кіраўніцтва краіны, якое вырасла патрэсці народ, які і так апынуўся ў цяжкім становішчы. Такое ўражанне, што ўлада, прымаючы гэтае рашэнне, жыла не сваім розумам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя